Пажар бяжыць па правадах…
У прыватным сектары нярэдка пажары здараюцца з-за дрэннага стану электраправодкі. Дастаткова нязначнай перагрузкі, і старыя правады, змантаваныя некалькі дзесяцігоддзяў таму, пачынаюць награвацца, загараюцца шпалеры (нярэдка ў прыватных дамах праводка пракладзена менавіта пад імі), а потым і размешчаная побач мэбля. Не менш небяспечнае парушэнне правілаў эксплуатацыі электрапрыбораў або іх выкарыстанне ў няспраўным стане. У некаторых выпадках гэта можа каштаваць жыцця. Так, напрыклад, здарылася ў Лідзе. З-за кароткага замыкання электраправодкі тэлевізара загарэўся дом 90-гадовай пенсіянеркі. Ратавальнікаў выклікалі занепакоеныя суседзі. Пры тушэнні пажару гаспадыню знайшлі без прыкмет жыцця. Дарэчы, згарэлы тэлевізар эксплуатаваўся больш за 25 гадоў.
Прычынай смерці 63-гадовага жыхара вёскі Плашава стаў электраабагравальнік. Мужчына сушыў на ім адзенне. Гэта і стала прычынай узгарання. Калі прыбылі ратавальнікі, дом, які выкарыстоўваўся для сезоннага пражывання, ужо ва ўсю палыхаў.
Адносна лёгкім спалохам аддзелаўся 86-гадовы жыхар Ваўкавыска. Мансарда яго дома гарэла адкрытым полымем, калі гэта ўбачыла выпадковая міначка і выклікала ратавальнікаў. Праз тры хвіліны першае падраздзяленне МНС прыбыло на месца здарэння. Да таго часу ўжо ўзнікла пагроза распаўсюджвання полымя на суседнія будынкі і прыпаркаваныя аўтамабілі. Дарэчы, нічога не падазравалы гаспадар знаходзіўся... дома. Убачыўшы, што ў двор за'язджаюць пажарныя машыны, ён выбег на вуліцу. Менш за 15 хвілін ратавальнікам спатрэбілася на ліквідацыю ўзгарання. Дом застаўся прыдатным для пражывання. Меркавана, пажар адбыўся з-за кароткага замыкання электраправодкі.
МНС заўсёды надае ўвагу прывядзенню дамоў пажылых людзей, якія знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі, у пажарабяспечны стан. Але ўдзел у гэтай справе неабходны і з боку дарослых дзяцей, якія жывуць асобна ад старых. Часам хвіліны, выдаткаваныя на ўхіленне дробных бытавых праблем, могуць выратаваць жыццё блізкага чалавека.
Пры эксплуатацыі электраабсталявання нельга:
- ужываць электраабсталяванне не заводскага вырабу;
- пакідаць яго ўключаным у электрасетку без нагляду (за выключэннем электраабсталявання, эксплуатацыйнай дакументацыяй на якое дапускаецца яго праца без нагляду);
- выкарыстоўваць яго не па прызначэнні і ва ўмовах, якія не адпавядаюць проціпажарным патрабаванням эксплуатацыйнай дакументацыі, з пашкоджаным кабелем (дротам), выключальнікам, разеткамі і іншым электраабсталяваннем;
- перавышаць намінальную токавую нагрузку электрычнага падаўжальніка.
Усталюйце аўтаномны пажарны апавяшчальнік у кожным жылым пакоі. Ён дапаможа выявіць прыкметы пажару на ранняй стадыі і сваім гукам, сіла якога здольна разбудзіць нават спячага чалавека, апавясціць дамачадцаў аб бядзе і тым самым выратуе ім жыццё.