Ещё раз о правилах безопасного поведения

Яшчэ раз пра правілы бяспечных паводзінаў

Месцы з масавай наведвальнасцю людзей наведалі прадстаўнікі Верхнядзвінскага падраздзялення МНС з мэтай данесці да народа важныя правілы для бяспекі іх жыццядзейнасці.

Такімі месцамі сталі крамы «Еўраопт» і «Маяк». Да невялікіх пастоў бяспекі былі запрошаны наведвальнікі гандлёвых кропак ад малога да вялікага. Самаму маладому ўдзельніку акцыі было 8 гадоў, а самаму «дасведчанаму» – 84. Нягледзячы на ўзрост і від заняткаў грамадзян, ратавальнікі знайшлі падыход да кожнага і расказалі аб правілах паводзін пры розных надзвычайных сітуацыях. Ва ўсіх на слыху пажары, якія адбыліся ў раёне, але як аказалася – не ўсе ведаюць, што да гэтага прывяло. У гэтым дапамог разабрацца работнік МНС, узброіўшыся фотапраектам з вынікамі пажараў і іх прычынамі ўзнікнення.

Дарослыя добра ведаюць нумар 112, а вось малодшае пакаленне ведае не толькі нумар, але і на «аўтамаце» расказвае алгарытм дзеянняў пры пажары ад моманту выяўлення да выкарыстання падручных сродкаў пажаратушэння.

Без увагі работнікі МНС не маглі пакінуць тэму небяспекі зімовых і вясновых вадаёмаў. З дапамогай буклетаў наведвальнікі крамаў наглядна ўбачылі, як дапамагчы пацярпеламу, які праваліўся пад лёд, і як самім не трапіць у лядовую пастку.

З чым справіліся бездакорна абсалютна ўсе ўдзельнікі акцыі, так гэта з высвятленнем папулярных прычын узнікнення пажараў.

– Печы, электрапрыборы, гульні дзяцей з агнём, неасцярожнае курэнне… – адразу пералічыў усе самыя распаўсюджаныя прычыны пажараў адзін з удзельнікаў акцыі.

Усім бацькам ратавальнікі рэкамендавалі паклапаціцца аб прывіцці іх дзецям бяспечных паводзін і быць заўсёды побач з імі, не перакладаючы гэту адказнасць на непаўналетніх ці гаджэты.

Галерэя выяў

Яшчэ раз пра правілы бяспечных паводзінаў