Аб здарэнні з аўтакранам
У бягучым годзе ў Рэспубліцы Беларусь пры эксплуатацыі грузападымальных кранаў адбылося 16 надзвычайных здарэнняў, у тым ліку 8 няшчасных выпадкаў, 2 з якіх са смяротным зыходам.
У мэтах прадухілення здарэнняў з грузападымальнымі кранамі накіроўваем інфармацыю для давядзення яе ўладальнікам кранаў.
У в.Есіпава Рудня Малаўцюкоўскага с/с Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці 2 кастрычніка 2023 года пры выкананні работ па зносе заблакіраванага жылога дома з прыцягненнем аўтамабільнага крана (МАЗ5337-КС 3579), які належыць фізічнай асобе, адбыўся няшчасны выпадак са смяротным зыходам. Устаноўлены парушэнні патрабаванняў Правілаў па забеспячэнні прамысловай бяспекі грузападымальных кранаў, зацверджаных пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь №66 22 снежня 2018 года:
ажыццяўлялася эксплуатацыя прыватнай асобай аўтамабільнага крана без рэгістрацыі грузападымальнага крана ў Дзяржпрамнаглядзе;
аўтамабільнаму крану не праведзена тэхнічнае асведчанне, тэхнічнае дыягнаставанне, гадавы кантроль тэхнічнага стану;
адсутнічаюць запісы ў пашпарце грузападымальнага крана, вахтавым часопісе аб дапушчэнні да эксплуатацыі грузападымальнага крана;
работы на аб'екце вяліся без рашэння на выкананне работ;
не прызначаны асобы, адказныя за ўтрыманне грузападымальнага крана ў спраўным стане, асобы, адказныя за бяспечнае выкананне работ грузападымальнымі кранамі, якія прайшлі неабходную падрыхтоўку і праверку ведаў у галіне прамысловай бяспекі;
работы на кране выконваў машыніст крана (кранаўшчык), які не прайшоў праверку ведаў у галіне прамысловай бяспекі;
стропаванне грузаў ажыццяўлялі работнікі, якія не прайшлі неабходную падрыхтоўку і праверку ведаў у галіне прамысловай бяспекі;
на аўтамабільны грузападымальны кран адсутнічае пашпарт;
работы вяліся пры адсутнасці праекта выканання работ.