Пажар ад уключанага ў сетку тэлевізара
З пачатку года на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна адбылося 15 пажараў. Вось абставіны некаторых з іх.
7 сакавіка ў в. Свіраўшчына адбыўся пажар прыватнага дома.
З тлумачэння гаспадыні дома вынікае, што ў момант пажару яна знаходзілася дома. Пачула піск пажарнага апавяшчальніка і выйшла з суседняга пакоя паглядзець, што здарылася. У жылым пакоі яна ўбачыла невялікі дым. Пасля чаго выйшла на вуліцу і ўбачыла, што ў зале ўжо адбывалася гарэнне, гарэла больш за ўсё там, дзе стаяў тэлевізар, падключаны да падаўжальніка. Тэлевізар працаваў да пажару, яго ніхто не адключаў. Праводка ў зале была старая, больш за 20 гадоў (пры наведванні энергетыкаў сказалі замяніць, але праводку не замянілі).
Прычына ўзнікнення пажару – кароткае замыканне электраабсталявання (тэлевізара).
Памятайце: электрапрыборы павінны быць уключаны ў сетку толькі пад наглядам. Неабходна сачыць за своечасовай заменай старой і парэпанай праводкі на новую, тым самым паменшыць рызыку ўзнікнення кароткага замыкання.