Верхнядзвінск. З клопатам пра дзяцей
Супрацоўнікі Верхнядзвінскага падраздзялення МНС наведалі выхаванцаў Шайцераўскага, Антонаўскага і Леанішэнскага дзіцячых садкоў. Рэспубліканская акцыя МНС працягвае прыцягваць новых удзельнікаў. У цэнтры ўвагі ратавальнікаў былі дзеці ад 3 да 7 гадоў.
У чарговы раз супрацоўнікі МНС падрыхтавалі для дзяцей навучальныя гульні і конкурсы. З іх дапамогай дзеці не толькі ўспомнілі алгарытм дзеянняў у небяспечнай сітуацыі, такой як пажар, але і паспрабавалі свае сілы ў пажарнай справе. Хлопчыкі і дзяўчынкі, прымерыўшы баявую вопратку пажарных, адпрацавалі выклік ратавальнікаў па тэлефоне 112 і дапамаглі мініяцюрным пажарным машынам хутка прыбыць да месца пажару.
– Запалкі дзецям не цацка. Гэту фразу ўсе чулі не раз. Важна не толькі ведаць гэта, але і разумець «чаму?», – звярнулася да дзяцей інспектар раённага аддзела МНС Крысціна Дамасевіч: – Агонь небяспечны. Толькі дарослым можна яго выкарыстоўваць, бо ў выпадку небяспечнай сітуацыі і ў адрозненне ад маленькіх дзяцей, яны змогуць хутка і правільна патушыць пачатковы пажар.
Дзеці актыўна ўключыліся ў гульню «Небяспечныя і бяспечныя гульні». Прыемна, што ў такім узросце яны ўжо добра разумеюць – агонь можа нашкодзіць і з ім лепш малышам не звязвацца.
Гледзячы на экстранныя нумары, дзеці ўспаміналі, да якіх службаў яны адносяцца і для чаго іх выклікаюць. Усёй групай адпрацавалі сітуацыі, калі адзін з дзяцей выявіў пажар у садзе. Тут добра была бачная праца педагагічнага складу. Бо адразу пасля давядзення ім інфармацыі аб месцы пажару, яны хутка сабралі ўсіх дзяцей і «гуськом», зачыняючы рот і нос майкамі, пакінулі месца пажару.
У канцы сустрэч ратавальнікі падзякавалі ўдзельнікаў акцыі за актыўны ўдзел і імкненне да ведаў бяспекі, а таксама ўручылі невялікія падарункі ў выглядзе налепак, закладак і тэматычных буклетаў МНС.