Верхнядзвінск. У гасцях у дашкольнікаў
Дзіцячы сад №3 горада Верхнядзвінска прыняў у сябе ў гасцях прадстаўнікоў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.
Дашкольнікам быў прапанаваны да прагляду мультфільм з серыі "Чароўная кніга", пасля якога дзеці адправіліся ў казачнае падарожжа для дапамогі героям гульні "Паляцім!".
Дзяўчынкі і хлопчыкі з цікавасцю адказвалі на пытанні ратавальніка. Першаму персанажу гульні дзеці дапамаглі тым, што назвалі ўсе нумары экстранных службаў і распавялі аб правілах паводзін пры пажары.
– Пры пажары нельга хавацца! Трэба ўцякаць ад дыму і агню на вуліцу і клікаць на дапамогу дарослых! – хорам казалі дзеці.
– Калі здарылася бяда, трэба тэлефанаваць ратавальнікам па нумары 112. Сказаць "што здарылася?" і назваць дакладны адрас, – працягвалі гуляць дзеці.
Далей кожнае дзіця атрымала чырвоны шарык і зялёны для гульні "Агонь-сябар, агонь-вораг". Вызначаючы, калі агонь дапамагае людзям, а калі становіцца злым і небяспечным, дзеці запомнілі – з агнём гуляць нельга, жарты з ім дрэнныя.
Наступнай стала гульня "Вуліца. Дым. Пажар". У гэтай гульні дзецям трэба было хутка прымаць рашэнні і правільна дзейнічаць пры пэўных сітуацыях. Пасля гэтай гульні дзеці зразумелі, што дым пры пажары падымаецца ўверх і больш бяспечным становіцца становішча "як мага ніжэй да падлогі". А закрыўшы нос і рот тканінай, напрыклад майкай, можна знізіць колькасць удыхаемага дыму.
Падзякаваўшы ўсіх за актыўны ўдзел у гульнях і конкурсах, прадстаўнік МНС уручыла дашкольнікам кніжныя закладкі з выяўленым алгарытмам дзеянняў пры пажары. Ну і, вядома, не малаважнай для хуткіх школьнікаў стала табліца множання, якая таксама выяўлена на закладцы.