Верхнядзвінск. Вызначаны лепшыя з лепшых
У Верхнядзвінскім раёне вызначаны лепшыя клубы юных ратавальнікаў-пажарных па выніках раённага злёту.
Раніца пятніцы для школьнікаў пачалася хвалююча. Бо ім трэба паказаць усе свае лепшыя якасці і здольнасці ў раённым злёце клубаў юных ратавальнікаў-пажарных.
– Я баюся, што ў якім-небудзь з конкурсаў падвяду сваю каманду. Я павінен выкласціся на 100%, – падзяліўся сваім хваляваннем адзін з удзельнікаў.
Удзел у злёце прыняло 6 каманд, і кожная складалася з 8 адважных хлопцаў і 7 найадважнейшых дзяўчат.
Усе каманды пабудаваліся на фасадзе пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 для ўрачыстага адкрыцця злёту. Начальнік падраздзялення МНС прывітаў рабят і прадстаўнікоў школ, пажадаў удачы і правёў уводны інструктаж па тэхніцы бяспекі.
Каманды разышліся і адправіліся на праходжанне конкурсных выпрабаванняў: «Мюзікл», «Знаўцы», «Аказанне першай медыцынскай дапамогі», «Строй», «Баявое разгортванне».
Сваю строявую выпраўку рабяты прадэманстравалі на конкурсе «Строй», дзе пад кіраўніцтвам камандзіра школьнікі адпрацоўвалі розныя элементы строявой падрыхтоўкі. Лепшай у дадзеным конкурсе аказалася каманда сярэдняй школы №2 імя Героя Савецкага Саюза Н.В. Траян.
Веды і навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі правярала фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.
– Вельмі радасна, што рабяты добра падрыхтаваны да дадзенага конкурсу. Я магу быць упэўнена, што ў выпадку неабходнасці – побач з людзьмі будуць такія кемлівыя дзеці, – сказала Кацярына Мацулевіч. Пераможцам конкурсу стала каманда Боркавіцкай сярэдняй школы.
Разам з іншымі конкурсамі праходзіла праверка ведаў рабят. Конкурс «Знаўцы» дапамог вызначыць тую каманду, якая лепш за ўсё ведае, як дзейнічаць пры любых надзвычайных сітуацыях. Ёю стала каманда сярэдняй школы №2 імя Героя Савецкага Саюза Н.В. Траян.
Творчы конкурс «Мюзікл» аказаўся вельмі цікавым. Каманды падрыхтавалі творчыя нумары па тэме «#ПРА170 гадоў распавядаем мы, юныя ратавальнікі сваёй краіны», прымеркаванай да святкавання 170-годдзя пажарнай службы Беларусі. На думку журы конкурсу, самай лепшай аказаўся мюзікл Боркавіцкай сярэдняй школы.
У конкурсе «Баявое разгортванне» хлопцы на хуткасць апраналі баявую вопратку пажарных, затым пракладвалі магістральную і рабочую лініі, пасля чаго па камандзе капітана атрада падавалі ваду са ствалоў у мішэні. Самай хуткай аказалася каманда сярэдняй школы №2 імя Героя Савецкага Саюза М.В. Траян.
Па выніках усіх конкурсаў прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам:
3 месца – Верхнядзвінская гімназія;
2 месца – Боркавіцкая школа;
1 месца – сярэдняя школа №2 імя Героя Савецкага Саюза М.В. Траян.
Барацьба за лідарства аказалася не простай, бо розніца паміж 1-ым і 2-ым месцам склала ўсяго 1 бал.
Каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі ад ратавальнікаў і салодкімі прызамі ад ААТ «Інвет».