Быць ратавальнікам - гэта не праца, а прызванне і на ўсё жыццё!
Пастаянна дапамагаць людзям, удасканальвацца і быць аптымістам – усё гэта пра ветэрана пажарнай службы, героя сённяшняга артыкула.
Размова пойдзе пра капітана ўнутранай службы Сяткоўскага Аляксея Аляксеевіча, былога начальніка дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Верхнядзвінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Да службы ў МНС Аляксей працаваў простым механікам у в. Шайцерава Верхнядзвінскага р-на і ніколі не думаў, што яго жыццё будзе звязана са службай ратавальніка.
З волі лёсу даведаўся, што ў пажарнай часці праходзіць ваенізацыя, набіраліся маладыя работнікі, і ён вырашыў паспрабаваць свае сілы ў новай прафесіі. У яго гэта атрымалася.
З 3 чэрвеня 1994 года пачаўся працоўны шлях у ваенізаванай пажарнай часці г. Верхнядзвінска на пасадзе начальніка каравула.
Першы дзень запомніўся на ўсё жыццё! Без форменнага абмундзіравання ў старых дзядоўскіх «боёўках» выехалі на першы пажар. Гарэў двухкватэрны драўляны дом. У галаве была толькі адна думка – выратаваць! Без досведу, але з адвагай у сэрцы і падтрымкай калег, усё прайшло добра, пажар патушылі і з дома выратавалі сабаку, пароды колі. На вялікі шчасце, ніхто з гаспадароў не пацярпеў, усе знаходзіліся на вуліцы.
Працягваліся працоўныя будні, якія чаргаваліся з павышэннем кваліфікацыі ў навучальных установах Рэспублікі Беларусь.
За ўсё працоўнае жыццё было нямала падзякаў і грамат ад начальства. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 кастрычніка 2018 года № 401 за узорнае выкананне службовых абавязкаў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені.
Сярод узнагарод ёсць дыпломы і за творчыя поспехі. Лёсавызначальнае знаёмства з жонкай Вольгай натхніла на стварэнне акардэоннага сямейнага дуэта. У першы год сумеснай жыцця, у 2016 г. сям'я Сяткоўскіх заняла 1 месца ў абласным аглядзе-конкурсе самадзейнай творчасці сярод органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях вобласці і членаў іх сем'яў у намінацыі «Інструментальная кампазіцыя».
У наступных аглядах-конкурсах былі толькі прызавыя месцы, якія патрабавалі пастаяннай працы над сабой, а з мэтанакіраваным нездаючымся характарам Аляксея быў заўсёды і выдатны вынік.
У 2022 г. сям'я Сяткоўскіх стала пераможцам у намінацыі «Музычная сям'я» адкрытага конкурсу сямейнай творчасці «Кірмаш сямейных талентаў» у рамках Рэспубліканскага сацыяльна-культурнага праекта «Фестываль дзвюх рэк» г. Докшыцы, дзе ўдзел прыняла ўся сям'я.
Творчыя здольнасці нашага героя артыкула прывялі яго, ужо на пенсіі, на працу ў раённы цэнтр культуры. Дзе разам са сваёй жонкай (дырэктарам цэнтра) працягвае займацца любімай справай.
Дапамагаць людзям і на сённяшні дзень застаецца самай важнай задачай у жыцці Аляксея.
– Калі бяда побач, то без адзінай секунды сумнення, адразу на дапамогу! Быць ратавальнікам гэта не праца – гэта прызванне і на ўсё жыццё! – менавіта так гучыць дэвіз ветэрана пажарнай службы Сяткоўскага Аляксея.