Брэнд Верхнядзвінскага раёна

Востраў на Асвейскім возеры — самы вялікі ў нашай краіне. Ён займае 480 га і размешчаны бліжэй да заходняга берага. Ад г.п. Асвея яго аддзяляе трохкіламетровая водная прастора.

Востраў здалёку выглядае унушальна. На ім груваздзяцца марэнныя пагоркі, аддзеленыя адзін ад аднаго равамі.ГОлыя схілы на поўдні стромка абрываюцца да вады. На вяршынях, схілах і ля падножжа пагоркаў, каля вады і ў вадзе ля берага раскіданы валуны. Яны падкрэсліваюць уражанне мудрай велічы і гармоніі шырокіх ландшафтаў.

Цэнтральную частку ўсходняй паловы вострава займае балота Верацен, абрамленае лісцяна-хвойным лесам. Гэты прыродны комплекс займае чвэрць астраўной плошчы. Тут любімае месца асвейскіх грыбнікоў.

Паўднёвая частка вострава прыдатная для адпачынку ў любую пару года. Тут прывабныя мясцінкі для купання — з камяніста-пясчанымі пляжыкамі. Ужо да канца мая на сонечных схілах выспявае суніца.

Сярод пагоркаў паўднёвага ўзбярэжжа бліжэй да ўсходняга краю адзін з іх вылучаецца ідэальна плоскай паверхняй і сіметрычнымі схіламі. Гэта — старажытнае гарадзішча са сваёй назвай Гарадок. Другое гарадзішча — Перуноўка — размешчана ў паўночна-заходнім сектары вострава. Па непацверджаных звестках (версія Ю.Татарынава) там жа, на самым высокім месцы вострава, калісьці стаяла белакаменная царква.

Востраў здаўна быў населены. Блізка да паўднёва-заходняга берага, насупраць «мацерыковай» вёскі Сукалі існавала вёска Востраў. Перад вайной тут налічвалася 65 двароў, аб'яднаных у калгас «Азёрны». Пасля вайны вёска існавала да 1970 г. На жаль, у тыя часы ўлады не паклапаціліся аб захаванні гэтага своеасаблівага, унікальнага для Беларусі паселішча. Цяпер напамінам аб мінулым служаць асобныя пладовыя дрэвы старых садоў, рэшткі фундаментаў дамоў і ў заходняй частцы вострава пад сеньню дрэў туліцца могілкі.

Востраў на Асвейскім возеры можна разглядаць як спецыялізаваны батанічны рэзерват для захавання папуляцый рэдкіх рэліктавых відаў, вывучэння і дэманстрацыі постантапагеннай дынамікі расліннага покрыва. Раней на востраве размяшчалася вёска, і быў арганізаваны невялікі калгас. Тэрыторыя выкарыстоўвалася пад выпас жывёлы, быў пабудаваны жывёлагадоўчы комплекс (ферма для буйной рагатай жывёлы), часткова выпахалася. Калгас быў ліквідаваны ў пачатку 70-х гг. Мінулага стагоддзя, у той жа час была выселена вёска. Такім чынам, экасістэмы вострава знаходзяцца на стадыі аднаўлення ўжо на працягу 30 гадоў. Да 2008 г. На востраве працягвалі праводзіць летні самавыпас невялікага пагалоўя кароў і коней. Паколькі востраў займае даволі вялікую плошчу і валодае вялікім запасам травастояў, кармавых рэсурсаў было дастаткова, участкаў з перавыпасам або іншымі негатыўнымі наступствамі не выяўлена. У 2008 г. Жывёл на востраў не завозілі.

Галерэя выяў