Сцяг горада Верхнядзвінска і Верхнядзвінскага раёна зацверджаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №86 ад 28.02.2011 года. Уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры асабовага боку якога размешчана выява герба горада Верхнядзвінска. У ніжняй частцы палотнішча пад гербам гарызантальна размешчаны зверху ўніз тры палосы блакітнага, жоўтага і блакітнага колеру, якія складаюць адпаведна адну дваццатую, адну дваццатую і адну дзясятую шырыні палотнішча.

Герб г.Верхнядзвінска

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 ліпеня 2002 года №94 уяўляе сабой - у залатым полі французскага шчыта вершнік у сталёвых даспехах з узнятым мячом у правай руцэ і авальным чырвоным шчытом з выявай сярэбранага «патрыяршага» крыжа ў левай, конь пакрыты блакітнай трохканцовай папонай. Упершыню быў заснаваны Указам Кацярыны 11 ад 21 верасня 1781 года як адзін з гербаў Полацкага намесніцтва.

Ад гістарычнага герба горада Дрыса сучасны геральдычны сімвал горада Верхнядзвінск адрозніваецца адсутнасцю ў верхняй яго частцы ўзнікаючага двухгаловага Дзяржаўнага арла Расійскай імперыі і імператарскай кароны. Узброены вершнік з мячом і шчытом у залатым полі на дрысенскім гербе паўтараў выяву, напісаную на гербе Полацка, які быў зацверджаны тым жа ўказам імператрыцы.

Герб г.п.Асвея Верхнядзвінскага раёна

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36. І ўяўляе сабой - у сярэбраным полі іспанскага шчыта перавязь чырвонага колеру з трыма сярэбранымі лістамі.

Сапраўдны росквіт Асвеі пачаўся з 1749 г., калі яе ўладальнікам стаў мінскі ваявода Ян Аўгуст Гільзен (1744-1754). Ён пабудаваў знакаміты палац, касцёл, разбіў парк, запрасіў сясцёр міласэрнасці, якія заснавалі тут манастырскі шпіталь.

Будынак былога асвейскага шпіталя захаваўся да нашых дзён і з'яўляецца адным з самых старых помнікаў архітэктуры ў раёне. Фамільны герб Я.Гільзена, які ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць, адаптаваны да сучасных умоў.

Срэбны колер поля – гэта колер седавечнай старажытнасці гарадскога пасёлка Асвея, якому больш за 500 гадоў. Чырвоны колер перавязі сімвалізуе мужнасць, стойкасць і шматпакутнасць жыхароў Асвеі, якія перанеслі за сваю шматвяковую гісторыю не адно нашэсце ворагаў і праявілі несакрушальную мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Лісце на перавязі асацыююцца з лаўровымі і з'яўляюцца сімвалам мудрасці, велічы і славы людзей, якія жывуць на асвейскай зямлі. Таму герб, створаны на аснове фамільнага герба Я.Гільзена, з'яўляецца своеасаблівым звязуючым звяном паміж мінулым і будучыняй, паміж продкамі і нашчадкамі.

Аўтар герба і мастак в.і.Шчасны.