Крымінальная справа арт. 155 хацеў напалохаць, стрэліў

Пракуратура Верхнядзвінскага раёна ў выязным судовым пасяджэнні падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе
у дачыненні да 57-гадовага мясцовага жыхара – яму інкрымінуецца прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці.

Разгляд справы адбыўся ў будынку Валынецкага сельскага выканаўчага камітэта.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, здзейсніў адзін стрэл з помпавай стрэльбы
у нагу свайго знаёмага. У выніку гэтага дзеяння пацярпеламу прычынены менш цяжкія цялесныя пашкоджанні – скразное раненне левай ступні.

У судовым пасяджэнні абвінавачваны сваю віну прызнаў цалкам, шчыра раскаяўся ў зробленым. Паясніў, што падчас узніклага канфлікту спрабаваў выгнаць са свайго дома госця, які не хацеў сыходзіць. Каб напалохаць знаёмага, мужчына прынёс паляўнічую стрэльбу, якая засталася пасля смерці бацькі. Стаячы на ганку, зброю трымаў у зараджаным стане ствалом уніз. Калі пацярпелы зрабіў крок наперад, абвінавачваны выпадкова стрэліў, трапіўшы ў нагу. Варта адзначыць, што пацярпелы таксама знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Верхнядзвінскага раёна пастанавіў абвінаваўчы прысуд. На падставе арт. 155 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 130 базавых велічынь, што складае 5850 рублёў.

Прысуд суда не набыў законную сілу, можа быць абскарджаны
у апеляцыйным парадку.

Старшы памочнік пракурора

Верхнядзвінскага раёна

юрыст 2 класа                                                            А.В.Кузьмічонак

Крымінальная справа арт. 155 хацеў напалохаць, стрэліў