Дамашні тыран
Пракурорам Верхнядзвінскага раёна ўзбуджана крымінальная справа па арт.153 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да жыхара раёна А.
Устаноўлена, што А. у адзін з дзён верасня бягучага года наўмысна, на глебе раптоўна ўзніклых непрыязных адносін, жорстка збіў сваю жонку Т. на вачах у мясцовых жыхароў вёскі, у якой пражываюць сужэнцы.
А. нанёс не менш чатырох удараў рукамі і нагамі па твары і целе сваёй жонкі Т., прычыніўшы ёй цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пералому костак носа, шматлікіх сінякоў твару і цела, якія ў сваёй сукупнасці адносяцца да лёгкіх цялесных пашкоджанняў па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя.
Дзеянні А. кваліфікаваны па арт.153 КК Рэспублікі Беларусь (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання, то бок пашкоджання, якое пацягнула за сабой кароткачасовае расстройства здароўя).
Злачынства, прадугледжанае арт.153 КК Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца справай прыватнага абвінавачвання і ўзбуджаецца па заяве асобы, пацярпелай ад злачынства.
Пацярпелая Т. адмовілася пісаць заяву і прыцягваць мужа да крымінальнай адказнасці, бо баіцца помсты з яго боку, а таксама наступстваў іншых негатыўных наступстваў для яе. Таксама ўстаноўлена, што раней паміж сужэнцамі часта ўзнікалі канфлікты, падчас якіх А. неаднаразова збіваў Т. Апошняя не менш за 5 разоў звярталася па гэтым нагодзе ў праваахоўныя органы.
Згодна з ч.5 арт.26 КПК Рэспублікі Беларусь, пракурор мае права ўзбуджаць крымінальную справу аб злачынствах, аднесеных да спраў прыватнага абвінавачвання, і пры адсутнасці заявы асобы, пацярпелай ад злачынства, калі яны закранаюць істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадства або здзейснены ў дачыненні да асобы, якая знаходзіцца ў службовай або іншай залежнасці ад абвінавачванага альбо па іншых прычынах не здольнага самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы.
Улічваючы абставіны здзяйснення злачынства, паводзіны А., яго лад жыцця, у дачыненні да апошняга пракурорам раёна ўзбуджана крымінальная справа ў парадку ч.5 арт.26 КПК Рэспублікі Беларусь, паколькі непрыцягненне А. да крымінальнай адказнасці за здзейсненае ў дачыненні да Т. злачынства можа пацягнуць за сабой здзяйсненне А. іншых, у тым ліку больш цяжкіх злачынстваў, як у дачыненні да жонкі, так і ў дачыненні да іншых асоб, чым у сваю чаргу закранаюцца істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадства.
Крымінальная справа для арганізацыі папярэдняга расследавання накіравана начальніку Верхнядзвінскага РАНС.
Пракурор раёна С.П. Гарбус