Хто можа быць накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі

Законам Рэспублікі Беларусь ад 21.07.2023 №301-З унесены змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2010 №104-З «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх» (далей – Закон).

Змяненні Закона звязаны з спрашчэннем працэдуры накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі (далей – ЛПП) для прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі грамадзян з захворваннямі хранічным алкагалізмам, наркаманіяй або таксікаманіяй.

Згодна з ч.1 арт.4 Закона ў ЛПП могуць накіроўвацца:

- грамадзяне, якія на працягу года два і больш раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янэння або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, былі папярэджаны ў адпаведнасці з гэтым Законам аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі і на працягу года пасля такога папярэджання здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне ў стане алкагольнага ап'янэння або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, за што былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, і ў якіх па выніках медыцынскага асведчання выяўлена (пацверджана) захворванне хранічным алкагалізмам, наркаманіяй або таксікаманіяй;

- грамадзяне, якія звярталіся (паступалі) у арганізацыі аховы здароўя для аказання медыцынскай дапамогі ў сувязі з атручваннем, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, былі папярэджаны ў адпаведнасці з гэтым Законам аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі і на працягу года пасля такога папярэджання паўторна звярнуліся (паступілі) у арганізацыі аховы здароўя для аказання медыцынскай дапамогі ў сувязі з атручваннем, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, і ў якіх па выніках медыцынскага асведчання выяўлена (пацверджана) захворванне хранічным алкагалізмам, наркаманіяй або таксікаманіяй.

Такім чынам, устаноўлены адзіныя падставы для накіравання ў ЛПП для прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі грамадзян з залежнасцю ад алкаголю, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, незалежна ад таго, ці з'яўляюцца яны абавязанымі асобамі, непрацуючымі, працаздольнымі грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Галоўнымі крытэрамі для накіравання грамадзяніна ў ЛПП з'яўляецца наяўнасць захворвання хранічным алкагалізмам, наркаманіяй або таксікаманіяй, сістэматычнае парушэнне ім грамадскага парадку ў стане, выкліканым ужываннем спіртных напояў, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама неаднаразовае атручэнне названымі рэчывамі, пацверджанае аказаннем медыцынскай дапамогі.

Грамадзянін можа быць накіраваны судом у ЛПП на тэрмін дванаццаць месяцаў. Грамадзянін, які накіроўваецца ў лячэбна-працоўны прафілакторый у трэці і больш раз, можа быць накіраваны судом у ЛПП на тэрмін дваццаць чатыры месяцы.

Да прыкладу, за май - чэрвень 2024 года судом раёна ў ЛПП было накіравана 7 грамадзян на тэрмін 12 месяцаў.

У мэтах дастаўкі ў лячэбна-працоўны прафілакторый грамадзянін можа быць затрыманы тэрытарыяльным органам унутраных спраў на тэрмін да трох сутак на падставе рашэння суда, якое ўступіла ў законную сілу, аб яго накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый з памяшчэннем у ізалятар часовага ўтрымання тэрытарыяльнага АУС у парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам для ўтрымання асоб, якія адбываюць адміністрацыйны арышт.

Закон прадугледжвае ў першую чаргу ізаляцыю і медыка-сацыяльную рэадаптацыю асоб з сіндромам залежнасці ад алкаголю, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў.

Старшы памочнік пракурора

Верхнядзвінскага раёна

юрыст 3 класа

Кузьмічонак А.В.

Хто можа быць накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі