Да каго можа прымяняцца ахоўнае прадпісанне?

Прафілактыка сямейнага гвалту з'яўляецца адным з актуальных пытанняў, якому надаецца значная ўвага, у тым ліку праз замацаванне мер, механізму папярэджання хатняга гвалту на заканадаўчым узроўні.

Адным з дзейсных папераджальных і стрымліваючых мер супрацьпраўных паводзін хатніх агрэсараў з'яўляецца прымяненне органамі ўнутраных спраў ахоўных прадпісанняў.

У адпаведнасці з арт. 31 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» ахоўнае прадпісанне – устанаўленне грамадзяніну, які здзейсніў хатні гвалт, часовых забарон на здзяйсненне пэўных дзеянняў і абавязкаў для абароны жыцця і здароўя пацярпелага ад хатняга гвалту.

Ахоўнае прадпісанне можа прымяняцца да грамадзяніна, які здзейсніў хатні гвалт і ў дачыненні да якога ў сувязі з гэтым ажыццяўляецца падрыхтоўка да разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні аб наўмысным прычыненні цялеснага пашкоджання і іншых гвалтоўных дзеяннях альбо аб парушэнні ахоўнага прадпісання або праводзіцца праверка ў адпаведнасці з патрабаваннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства альбо ўзбуджана крымінальная справа аб злачынстве супраць жыцця і здароўя, палавой недатычнасці або палавой свабоды альбо асабістай свабоды, гонару і годнасці.

Ахоўным прадпісаннем грамадзяніну, у дачыненні да якога яно прыменена, можа быць забаронена:

 спрабаваць высвятляць месца знаходжання пацярпелага ад хатняга гвалту;

наведваць месцы знаходжання пацярпелага ад хатняга гвалту, калі гэты пацярпелы часова знаходзіцца па-за сумесным месцам жыхарства або месцам знаходжання;

мець зносіны з пацярпелым ад хатняга гвалту, у тым ліку па тэлефоне, з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт;

распараджацца агульнай сумеснай з пацярпелым ад хатняга гвалту ўласнасцю.

Забароны і абавязкі, прадугледжаныя ахоўным прадпісаннем, устанаўліваюцца на тэрмін да 15 сутак з моманту аб'яўлення прадпісання грамадзяніну, у дачыненні да якога яно прыменена. Па ўзгадненні з пракурорам тэрмін дзеяння ахоўнага прадпісання можа быць прадоўжаны да 30 сутак.

За парушэнне ахоўнага прадпісання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па ч. 2 арт. 10.1 КоАП і асоба можа быць падвергнута адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь, або грамадскіх работ, або адміністрацыйнага арышту.

За 2023 год супрацоўнікамі Верхнядзвінскага РАУС было вынесена 85 ахоўных прадпісанняў, з іх усе звязаны
з абавязкам пакінуць агульнае жылое памяшканне.

Для забеспячэння часовага пражывання грамадзян, у дачыненні да якіх вынесена ахоўнае прадпісанне рашэннем Верхнядзвінскага райвыканкама вызначана жылое памяшканне, размешчанае па адрасе: г. Верхнядзвінск, вул. Кобзуна, д.6, пам. 44. Пакой для часовага пражывання грамадзян, у дачыненні да якіх прыменена ахоўнае прадпісанне прадастаўляецца на платнай аснове на тэрмін, пазначаны ў ахоўным прадпісанні.

Старшы памочнік пракурора

Верхнядзвінскага раёна

юрыст 3 класа

Кузьмічонак А.В.

Да каго можа прымяняцца ахоўнае прадпісанне?