Лукашэнка: краіна заўсёды моцная традыцыямі, адна з іх у Беларусі - навагоднія віншаванні дзяцей
Кожная краіна моцная сваімі традыцыямі, а ў Беларусі адна з даўніх вельмі добрых традыцый - віншаваць дзяцей з навагоднімі святамі, у тым ліку ў рамках акцыі "Нашы дзеці". Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у Палацы Рэспублікі, прымаючы ўдзел у дабрачынным свяце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Краіна заўсёды моцная традыцыямі. Калі ёсць традыцыі, значыць, ёсць краіна. Значыць, ёсць нейкая асаблівасць гэтай краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт. Менавіта наяўнасць такіх традыцый адрознівае Беларусь ад іншых краін свету, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "У нас даўно нарадзілася вельмі добрая традыцыя - у гэтыя перадсвяточныя дні віншаваць вас, малышоў, дарослых людзей, вашых настаўнікаў, выхавальнікаў, бацькоў - усіх, у каго ёсць маленькія дзеці і хто датычны да выхавання дзяцей. Добрая традыцыя - віншаваць нашых дзяцей, бываць у дзяцей. Асабліва ў тых, хто ў гэтым вельмі-вельмі мае патрэбу. Хоць няма ў краіне тых дзяцей, у свеце няма тых дзяцей, якія б не мелі патрэбы ва ўвазе і падарунках", - працягнуў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў словы асаблівай удзячнасці ўсім, хто ўносіць свой уклад у тое, каб кожны год гэта дабрачыннае свята для дзяцей магло адбыцца. "Хачу падзякаваць нашых дарослых, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзякуй вам за тую ўвагу, якую вы надаяце ў гэтыя перадсвяточныя дні нашым дзецям". Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў радасную атмасферу ў зале: "Ужо за кіламетр ад Палаца Рэспублікі чуваць, што вы тут весяліцеся". Добры настрой, па яго словах, тлумачыцца ў тым ліку і тым, што для дзяцей у краіне цяпер "падвойнае" свята: з аднаго боку, усе праводзяць год, які сыходзіць, і чакаюць наступнага, 2026-га, а з другога - вучні нарэшце дачакаліся прыемнага часу, вольнага ад вучобы - канікул. "Таму - падвойнае свята. Новы год і канікулы", - сказаў Прэзідэнт. "Ну і Дзед Мароз са Снягуркай нас ужо парадавалі - снег, марозец. Абяцаюць, што яшчэ больш будзе марозец, і мы па-сапраўднаму сёлета, як ніколі, напэўна, зможам сустрэць Новы год. Снег і мароз у гэты час - гэта добры настрой. Бачу, што ў вас гэтая справа прысутнічае", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.