Лукашэнка: жыццё прымусіць Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя адносіны з Беларуссю і Расіяй
Жыццё прымусіць Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя адносіны з Беларуссю і Расіяй. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Літоўцы вішчаць, крычаць цяпер: адкрыйце мяжу. Мы яе не закрывалі. І мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся. Гэта нашы суседзі, куды дзявацца? Так, яны сёння кіруюцца знешне, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Ведаеце, жыццё прымусіць... Прыдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць інтарэсы ў Беларусі і Расіі, як гэта было раней. Навошта (было. - Заўвага БЕЛТА) губляць гэтыя рынкі, губляць такія добрыя адносіны?"
Гаворачы аб рашэннях, якія нашкодзілі Літве, кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад закрыцця Ігналінскай АЭС. "Калі яны знішчылі Ігналінскую атамную станцыю пад выглядам зялёнай эканомікі, мы іх папярэджвалі: не рабіце гэтага, яна вам патрэбна будзе. Не, закрылі, знішчылі, разрабавалі. І перашкаджалі нам будаваць гэтую станцыю (гаворка аб Беларускай АЭС. - Заўвага БЕЛТА)", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым, адзначыў беларускі лідар, падчас будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі ён запрашаў у краіну літоўскіх спецыялістаў у гэтай галіне, якія аказаліся не запатрабаванымі ў сваёй краіне. "Мы яе будавалі, і я запрасіў спецыялістаў літоўскіх (з імі была праблема ў Літве): прыязджайце на нашу станцыю, будзем працаваць. Тым больш, мы мелі патрэбу ў кадрах. Яны думалі, мы без іх не абыдземся. Мы разам з расіянамі вырашылі гэту праблему. На нашай станцыі тысячы тры працуе, і яшчэ тысяча патрэбна будзе для трэцяга энергаблока", - заключыў Прэзідэнт.