Лукашэнка заслухаў даклады кіраўнікоў Камітэта дзяржкантролю і МУС
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада заслухаў даклады старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, паведамляе БЕЛТА.
Старшыня КДК далажыў аб выніках праведзенай праверкі ў дарожнай галіне. Адпаведную задачу (аб правядзенні маніторынгу) раней ставіў перад Камітэтам дзяржкантролю кіраўнік дзяржавы. Правяралася якасць выканання будаўнічых работ пры будаўніцтве і рэканструкцыі дарог і мастоў, вывучалася пытанне закупак новай дарожнай тэхнікі.
Другая тэма размовы кіраўніка дзяржавы са старшынёй КДК – эфектыўнае выкарыстанне земляў і дзяржмаёмасці. Размова аб уцягванні зямлі ў гаспадарчы абарот, зносе тых ці іншых старых пабудоў. Прэзідэнтам раней было дадзена даручэнне правесці поўную рэвізію сельгасаб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, і вызначыцца з іх магчымым прызначэннем. Васіль Герасімаў далажыў аб выяўленых недапрацоўках у гэтых пытаннях.
Далажылі Прэзідэнту таксама аб праверцы выканання даручэння па даўгабудах. У прыватнасці, па падыходах, вызначаных у дачыненні да недабудаваных аб'ектаў па ўсёй краіне. Далажылі, што колькасць такіх аб'ектаў за апошнія гады значна скарацілася, але застаецца шэраг праблемных пытанняў.

Камітэт дзяржкантролю таксама ў развіццё даручэння Прэзідэнта ажыццяўляе маніторынг па навядзенні парадку (да 7 лістапада). Гэта датычыцца краіны ў цэлым, і асабліва Віцебскай вобласці, дзе Аляксандр Лукашэнка нядаўна праводзіў нараду па пытаннях развіцця рэгіёна. Старшыня Камітэта дзяржкантролю далажыў аб прамежкавых выніках. Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, каб засяродзіцца не толькі на знешнім навядзенні парадку, але і на вырашэнні пытанняў больш глабальнага характару. Кіраўнік дзяржавы даручыў КДК пасля 7 лістапада ўжо грунтоўна праверыць стан спраў у цэлым па краіне і пасля выхадных дзён прадставіць яму грунтоўную дакладную запіску аб тым, як выконваецца даручэнне па навядзенні парадку.
Акрамя таго, у ходзе даклада Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Камітэту дзяржкантролю вывучыць рынкі абарачэння тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі, пачынаючы ад размеркавання квот і заканчваючы абарачэннем гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны.