Лукашэнка абмеркаваў з мітрапалітам Веніямінам стварэнне рэлігійных цэнтраў і падрыхтоўку да святкавання значных дат
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лютага правёў сустрэчу з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Добра, уладыка, што мы з вамі сустракаемся пасля нашага агульнага, як вы кажаце, "саборнага" пасяджэння прадстаўнікоў усіх цэркваў (размова аб сустрэчы кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій 10 лютага. - Заўв. БЕЛТА). Мне важна ведаць ваша меркаванне ў гэтым плане. Асабліва ў плане стварэння пэўных цэнтраў нашых рэлігій. Я ведаю, што наша праваслаўная царква заўсёды рэўнасна да ўсяго паралельнага ставілася, але і яны таксама рэўнасна ставяцца да ўсяго. Таму ваша меркаванне для мяне тут вельмі важнае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым годзе Беларуская праваслаўная царква святкуе значныя для ўсяго праваслаўнага свету даты. Гэта 555-годдзе здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 505-годдзе Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Урачыстыя мерапрыемствы адбудуцца ў маі. Акрамя таго, у чэрвені будзе адзначацца 900-годдзе з дня заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Полацку.
- Патрыярха Кірыла чакаюць у Полацку на святкаванне 900-годдзя Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра
- Мітрапаліт Веніямін заявіў аб важнасці аднаўлення страчаных святынь
- Мітрапаліт Веніямін назваў галоўныя духоўныя цэнтры беларускага праваслаўя
"Мы з вамі па вясне, калі прырода ўжо будзе пахнуць і квітнець, пабываем у Жыровічах, паглядзім, што там трэба яшчэ зрабіць, каб гэта было годна. Паколькі, як ні круці, праваслаўная царква - гэта 80 з лішнім працэнтаў вернікаў сярод нашага насельніцтва, гэта асноўная рэлігія, канфесія, і годна павінна быць у Жыровічах. Каб паглядзелі і іншыя, як трэба рабіць і што мы хочам зрабіць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І пытанні нашага праваслаўя. Можа быць, да ўладаў ёсць нейкія пытанні - я гатовы іх абмеркаваць".