Лукашэнка пра футбол: уся праблема ў нас - гэта фізічны стан спартсменаў
Беларускім футбалістам не хапае фізічнай падрыхтоўкі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас размовы з актывістамі БРСМ - байцамі студатрада, які прымаў удзел у рэканструкцыі стадыёна "Трактар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Уся праблема ў нас - гэта фізічны стан спартсмена. Яны фізічна не гатовыя па асобных відах спорту на самым высокім узроўні выступаць. Па футболе яны не могуць бегчы з першай да апошняй хвіліны. Яны не могуць бегаць на высокім тэмпе 90 хвілін. А тут яшчэ і саображаць трэба. Футбол стаў вельмі хуткім", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, кропкамі росту для беларускага спорту з'яўляюцца маленькія спартыўныя пляцоўкі, дзе займаюцца дзеці. Менавіта там трэнеры павінны своечасова заўважыць перспектыўнага спартсмена і прыцягнуць яго ў сваю секцыю. "У нас ужо гэтых пляцовак мора. Але галоўнае - захапіць дзяцей. Трэба пачынаць працаваць са школы, з 6-7 гадоў. А па некаторых відах, як мастацкая гімнастыка, так і ў тры гады, - заўважыў Прэзідэнт. - Калі ўпусціў, гадоў 10-15 - ужо складана будзе. Можна, але складана".
Хлопцы пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, якія ў яго былі самыя яркія ўражанні падчас заняткаў футболам. Прэзідэнт распавёў, што ў школьныя гады ў футбол гулялі на вясковым полі. Прычым захапляліся ім усе дзеці ў вёсцы, а іх было нямала. Аляксандр Лукашэнка працягнуў займацца футболам і ў студэнцкія гады.