"У шаленства прыйшлі бізнесмены польскія". Лукашэнка пра тое, як Польшча стала марыянеткай у руках ЗША
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае недальнабачную палітыку ўладаў Польшчы, дзеянні якіх ужо прывялі ў шаленства польскіх бізнесменаў. Пра гэта ён расказаў на сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах кіраўніка дзяржавы, Польшча цяпер праводзіць несамастойную палітыку, бо абвастрэнне адносін на ўсходнім напрамку - з Беларуссю і Расіяй - не трэба ні народу Польшчы, ні кіраўніцтву гэтай краіны.
"Яны гэта разумеюць. Але дзядзька Сэм прымушае. Амерыканцам трэба, каб тут - у Еўропе - была вайна. Тады яны будуць у фаворы, - адзначыў беларускі лідар. - Для амерыканцаў Еўропа - гэта канкурэнт. Высокатэхналагічная Еўропа. Яны вырабляюць "Мэрсэдэсы", груба кажучы, не горш, чым у іх там "Форды". У іх свая валюта - еўра. Яны гатовыя былі адшчэпіцца ад даляра. Гэта не трэба амерыканцам. І вось яны штурхаюць, штурхаюць. Польшча стала марыянеткай".
"У нас нармальнае стаўленне да іх, нармальная палітыка. Мы ім прапануем нармальнае жыццё, давайце супрацоўнічаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ад дзеянняў уласнага ўрада, які забараняе супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй, ужо прыйшлі ў шаленства польскія бізнесмены. "Яны ж ні ў Расіі, ні ў Беларусі не могуць ужо працаваць. Іх проста сюды не пускаюць (улады Польшчы, уводзячы рознага роду абмежаванні і закрываючы мяжу. - Заўвага БЕЛТА). Яны пытаюцца ў кіраўніцтва Польшчы: "Чаму вы гэта робіце? Мы ж там грошы зараблялі. Зарабляючы грошы, прывозілі ў Польшчу. У нас былі нармальныя адносіны". Яны сабе ўжо не толькі ў нагу стрэлілі - нават у галаву. Вось іх палітыка", - канстатаваў Прэзідэнт.
Крыніца: belta.by