"Никто меня заставить не может". Лукашенко о причинах помилования так называемых политзаключенных

«Ніхто мяне прымусіць не можа». Лукашэнка аб прычынах памілавання так званых палітвязняў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній распавёў аб прычынах памілавання некалькіх дзясяткаў чалавек, якіх апаненты адносілі да палітвязняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ён двойчы прымаў рашэнні, аб якіх публічна паведамлялася, аб памілаванні некалькіх дзясяткаў так званых палітвязняў. «Ну радаваліся б (апаненты. — Прыміт. БЕЛТА), падзякавалі б як мінімум. Не, яны занепакоеныя тым, каб даказаць самім сабе і там за мяжой, што яны ўнеслі велізарны ўклад і «заставілі дыктатара» прымаць такія рашэнні, — заўважыў Прэзідэнт. — Ніхто мяне, па-першае, прымусіць не можа. Гэта выключана. Я часта кажу журналістам і іншым: вы мяне добра ведаеце, я ніколі па ўказцы і пад ціскам не прымаў рашэнняў».

Што тычыцца памілавання канкрэтных людзей, то гэта, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, былі яго рашэнні, і на тое былі розныя прычыны. «Хтосьці захварэў, хтосьці ўжо там на шпацыры хадзіць не можа ў адрозненне, як яны тут бойка бразгалі па праспектах. Ну ўсякае бывае ў жыцці. Хтосьці ўжо не ўяўляе небяспекі. Хтосьці наогул ашалеў, мазгі павярнуліся ў яго — ён там выйшаў (у 2020 годзе. — Прыміт. БЕЛТА), нешта спрабаваў пераварочваць на вуліцах Мінска. Ну, усякае ў жыцці бывала. Такіх людзей мы ўбачылі. Чаго іх там трымаць, карміць за дзяржаўны кошт. Мы іх адпусцілі. Яны пад поўным кантролем праваахоўных органаў тут», — расказаў беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што замест таго, каб падзякаваць, апаненты за мяжой, наадварот, не рады такому развіццю падзей. «Яны не рады, што гэтыя людзі выйшлі. Чаму не рады? Ну так ім жа амерыканцы і іншыя кажуць: хлопцы, а вы дзе былі, які ваш уклад? А ніякага. Так тады і грошай няма, гэта значыць, правільна заўважылі, асабліва журналісты: чым больш хтосьці тут будзе знаходзіцца ў месцах не так аддаленых, тым лепш для іх. Ну так трэба пра гэта адкрыта ім гаварыць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Крыніца: belta.by

«Ніхто мяне прымусіць не можа». Лукашэнка аб прычынах памілавання так званых палітвязняў