МЗС: Нікарагуа - перспектыўны партнёр для Беларусі, нам ёсць што прапанаваць гэтай краіне
Нікарагуа - перспектыўны партнёр для Беларусі, нам ёсць што прапанаваць гэтай краіне. Пра гэта заявіў журналістам першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы з вялікім энтузіязмам прыбылі з Кубы ў Нікарагуа ў складзе дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам. Нікарагуа - наш патэнцыйны партнёр. Тут нас чакаюць вельмі цікавыя сустрэчы і перамовы па шырокім спектры напрамкаў супрацоўніцтва. Я тут кажу і пра сустрэчу дзелавых колаў, і пра індывідуальныя перамовы па тэме паставак беларускай прадукцыі. Размова будзе ісці аб трактарах, аўтамабільнай тэхніцы. Запланаваны і сустрэчы на самым высокім узроўні. Беларусаў тут чакаюць, нам тут прыемна знаходзіцца, нам ёсць што прапанаваць гэтай краіне", - сказаў Сяргей Лукашэвіч.
Ён адзначыў, што Нікарагуа цяпер прыбаўляе ў эканамічным развіцці. "Тут рэалізуецца шэраг інфраструктурных праектаў, якія важныя не толькі для рэгіёну Цэнтральнай Амерыкі, але і для ўсёй планеты. У прыватнасці, краіна збіраецца капаць новы канал. І мы лічым, што ў гэтай краіне павінна быць наша тэхніка. Пра гэта гаварыў Раман Аляксандравіч (Галоўчанка. - Заўвага БЕЛТА) на папярэдніх перамовах, і сёння перамовы працягнуцца. Паралельна будуць праходзіць перамовы ведамстваў, устаноў, заводаў", - адзначыў першы намеснік міністра.
Раней Раман Галоўчанка наведаў з афіцыйным візітам Венесуэлу і Кубу. Праца па развіцці супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі працягваецца ў Нікарагуа. Па словах кіраўніка беларускага ўрада, галоўная мэта - закласці трывалы фундамент для працы на будучыню.
Крыніца: belta.by