Павінна быць урачыста і змястоўна. Падрыхтоўку да пасяджэння УНС абмеркавалі ў Лукашэнкі
Падрыхтоўка да правядзення першага пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу стала тэмай нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ліку ўдзельнікаў нарады – кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Кіраўнік справамі Прэзідэнта Беларусі і начальнік сакратарыята УНС.
Гаворачы пра розныя арганізацыйныя моманты пры падрыхтоўцы да правядзення УНС, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівае значэнне і статус маючага адбыцца мерапрыемства, бо гэта будзе хоць і сёмы Усебеларускі народны сход, але яго першае пасяджэнне ў новай якасці, зафіксаванай у абноўленай Канстытуцыі. "Так, гэта сёмы склік, але ён асаблівы, ён канстытуцыйны. Таму вельмі важна і знешне, і па змесце правесці яго на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Да цяперашняга часу, як адзначыў Прэзідэнт, ужо пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты УНС, раней быў створаны адпаведны аргкамітэт пад старшынствам прэм'ер-міністра, ідзе дэталёвае планаванне першага пасяджэння УНС. "Ведаю, што вы двойчы абмяркоўвалі гэтыя пытанні, выйшлі на канкрэтныя рашэнні і прапануеце іх сёння абмеркаваць на маім узроўні, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Давайце абмяркуем тыя пытанні, якія ў вас у выніку працы назапасіліся, і прымем адпаведнае рашэнне".
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на неабходнасць якаснай падрыхтоўкі да пасяджэння УНС і ў прыклад прывёў узровень арганізацыі прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. "Яшчэ раз паўтару, што гэта і ўрачыста павінна быць, і, самае галоўнае, змястоўна. Каб было, як выбары ў Расіі, - камар носа не падточыць. Каб нас потым не папракалі. Усё цяпер сканцэнтравана палітычна на нас. У Расіі бурных падзей не прадугледжваецца, вакол таксама. Засталося ў нас правядзенне Усебеларускага народнага сходу. Стаўкі асобных нашых збеглых і Захаду на тое, каб паспрабаваць як мага больш прынесці дэзарганізацыі і развалу падчас пасяджэння і прыняцця рашэння, - мы такога падарунка ім зрабіць не павінны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў прэм’ер-міністр, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы да УНС Раман Галоўчанка, усе зацікаўленыя нацэлены на тое, каб выразна і годна правесці гэта значнае для беларускай дзяржаўнасці мерапрыемства. "Гэта, як вы ўжо сказалі, першае пасяджэнне УНС у новым статусе, і яно будзе адрознівацца і ад усіх папярэдніх, і ад наступных з улікам неабходнасці правядзення шэрагу арганізацыйных, у першую чаргу выбарчых працэдур, якія прама прадугледжаны законам", - сказаў ён.
Крыніца: belta.by