"Трэба, каб усё было дэмакратычна". Лукашэнка абмеркаваў з Качанавай фарміраванне Савета Рэспублікі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай працэс фарміравання новага складу верхняй палаты беларускага парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што тычыцца Палаты прадстаўнікоў (ніжняй палаты беларускага парламента. - Заўвага БЕЛТА), праца там ідзе па пытаннях пачатку працы новага складу. Аб'ём вялікі. Там распараджэнні ўсе аддадзены", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Палаце прадстаўнікоў перш за ўсё трэба будзе выбраць сваё кіраўніцтва, старшынь камісій. Неабходная арганізацыйная падтрымка будзе забяспечана, а далей ужо справа за самімі парламентарыямі. "Я хачу, каб дэпутаты самі вызначаліся, як ім жыць і працаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Савет Рэспублікі, у сваю чаргу, з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Яго фарміраванне адбываецца наступным чынам: ад кожнай вобласці і горада Мінска на пасяджэннях мясцовых саветаў дэпутатаў таемным галасаваннем абіраюцца па восем членаў Савета Рэспублікі; яшчэ восем членаў Савета Рэспублікі прызначаюцца Прэзідэнтам Беларусі.
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пачынаецца ўжо з 12 сакавіка і павінна адбыцца не пазней за 21 сакавіка. Самі ж выбары ў Савет Рэспублікі павінны прайсці 4 красавіка бягучага года.
"Трэба, каб гэта ўсё было вельмі дэмакратычна. Каб гэта было сумленна. Не для справаздачы там камусьці. Нам няма перад кім справаздачы, акрамя свайго народа, - падкрэсліў беларускі лідар. - Каб гэта было годна, фармалізму ніякага не было. Усё ж такі гэта такі экспертны савет - верхняя палата парламента. Дзе законы пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў яшчэ раз вывучаюцца. Таму трэба ўважліва паглядзець на прапанаваныя кандыдатуры, якія будуць абраны адпаведнымі саветамі".
Усяго ў Савеце Рэспублікі пяць пастаянных камісій. Аляксандр Лукашэнка асабліва акцэнтаваў увагу на падборы кандыдатур іх будучых кіраўнікоў: "Гэтыя пяць чалавек разам са старшынёй і намеснікам (Савета Рэспублікі. - Заўвага БЕЛТА) - гэта будзе асноўнае ядро верхняй палаты".
"Хацеў бы ведаць, як разгорнута гэтая праца (таму што яна ўжо ідзе) і якія ёсць праблемы. З пункту гледжання таго, што трэба мне падключацца да нейкіх пытанняў ці не. Парламент нам трэба сфарміраваць, таму што роля яго ўзрастае. І гэта члены Усебеларускага народнага сходу. Гэта, лічы, ядро будзе там. Гэта вельмі важна для нас", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Крыніца: belta.by