Лукашенко предлагает интенсифицировать сотрудничество Беларуси и Таджикистана

Лукашэнка прапануе інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе прапрацаваць напрамкі для інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва з Таджыкістанам, асабліва на фоне падзення таваразвароту ў апошні час. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Бахтварам Сафарзодай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Давайце будзем інтэнсіфікаваць нашы адносіны. З Эмамалі Шарыповічам (Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. - Заўвага. БЕЛТА) у бліжэйшы час пры першай жа магчымасці мы пагаворым аб тым, каб вызначыць напрамкі інтэнсіфікацыі нашых адносін. А вы як пасол вельмі актыўны, перспектыўны дыпламат, думаю, унясеце свой уклад у развіццё нашых адносін", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканоміка і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляюцца базай для любых міждзяржаўных адносін. "Міністэрства замежных спраў мяне супакойвае ў тым, што леташняе падзенне таваразвароту нязначнае і так далей. Але я эканаміст і прывык у дынаміцы глядзець на працэсы. У мінулым годзе мы не нашмат знізілі таваразварот, але да папярэдняга года. А папярэдні год даў нам прыстойнае зніжэнне таваразвароту. Таму ў цэлым мы таваразварот знізілі", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

"Разбураць фундамент нашых адносін нельга. Як я сказаў, аснова - гандлёва-эканамічныя адносіны. Таму трэба нам тут папрацаваць, каб вярнуць таваразварот для пачатку на тую стадыю, на якой ён знаходзіўся. Ну і вядома ў нас дастаткова прадукцыі, тавараў для таго, каб павялічваць гэты таваразварот", - упэўнены Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ўзровень таваразвароту ў 70, 80 ці нават $100 млн - гэта амаль нішто для Беларусі і Таджыкістана з улікам наяўнага патэнцыялу. "Трэба шукаць магчымасці павелічэння таваразвароту. Вызначыцца, як мы заўсёды робім. Упэўнены, Таджыкістан прыме такія прапановы. Вызначыцца па таварах, якімі мы ўзаемна можам гандляваць і абменьвацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нашы магчымасці вы добра ведаеце. У нас ёсць усё неабходнае, у чым мае патрэбу Таджыкістан. І ў галіне прамысловасці, і сельскай гаспадаркі, і паставак аўтамабільнай тэхнікі, асабліва грузавікоў. Вы вельмі шмат працуеце па распрацоўцы ў горназдабыўной прамысловасці. Мы тут можам аказаць вам значную дапамогу і падтрымку".

Ён падкрэсліў, што закрытых тэм у адносінах з Таджыкістанам няма і Беларусь гатова супрацоўнічаць у тым ліку ў сферы ваенна-прамысловага комплексу. "Вы ведаеце таксама нашы магчымасці. Скажыце, чым мы можам дапамагчы ў плане забеспячэння вашай бяспекі. Мы гатовы падключыцца, хоць мы ўжо зрабілі нямала крокаў у гэтым напрамку", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Словом, праблем громадье, задач столькі ж, якія трэба вырашаць. Мы да гэтага гатовыя", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што абедзве краіны добра ведаюць магчымасці адзін аднаго, а паміж народамі Беларусі і Таджыкістана, роўна як і лідарамі гэтых дзяржаў склаліся даўнія сяброўскія і даверлівыя адносіны. "Нашы адносіны з Прэзідэнтам Эмамалі Шарыповічам Рахмонам самыя прасунутыя, можна сказаць. У нас няма сакрэтаў адзін ад аднаго. Таму мы выбудоўваем вельмі добрыя, сяброўскія адносіны", - сказаў Прэзідэнт.

Ён папрасіў дыпламата перадаць Прэзідэнту Таджыкістана самыя цёплыя і добрыя віншаванні ў сувязі з надыходам Новага года. "Вельмі хачу, каб ён быў для таджыкскага народа, Таджыкістана і вашага лідара самым паспяховым", - пажадаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Бахтар Сафарзода перадаў кіраўніку беларускай дзяржавы гарачы, добры, сяброўскі прывет ад Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона, а таксама выказаў удзячнасць за сустрэчу. "Мы вас ведаем як вялікага сябра Рэспублікі Таджыкістан і шчырага сябра нашага лідара. Ваша дружба з'яўляецца прадметам гонару для нас, дыпламатаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў улады і братніх народаў дзвюх краін", - падкрэсліў пасол.

Па выніках 2022 года двухбаковы таваразварот з Таджыкістанам складаў больш за $78 млн пры беларускім экспарце на суму амаль $70 млн.

Па выніках студзеня-лістапада 2023 года гандаль таварамі склаўся ў памеры $67,4 млн. Акрамя таго, у студзені-кастрычніку мінулага года аб'ём гандлю паслугамі склаў $6,4 млн.

У Беларусі зарэгістравана 9 прадпрыемстваў з таджыкскім капіталам, у тым ліку 2 сумесныя і 7 замежных. У Таджыкістане дзейнічае больш за 20 суб'ектаў тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў і адно сумеснае прадпрыемства. На базе ААТ "Аграсэрвіс" (Гісарскі раён) наладжана зборка рознай тэхнікі, у тым ліку МТЗ і "Гомсельмаша", а на пляцоўцы ў горадзе Худжанд - ліфты ААТ "Магілёўліфтмаш".

У кастрычніку 2022 года падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан была падпісана дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва на 2022-2026 гады. Дакумент складаецца з 39 пунктаў. З іх 6 выканана, 33 знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі, у тым ліку 21 рэалізуецца на пастаяннай аснове.

Крыніца: belta.by

Лукашэнка прапануе інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана