Лукашенко: Беларусь неизменно настроена на выстраивание отношений с Латинской Америкой

Лукашэнка: Беларусь нязменна нацэлена на выбудоўванне адносін з Лацінскай Амерыкай

Беларусь нязменна нацэлена на выбудоўванне адносін з Лацінскай Амерыкай. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Кубы Мануэлем Марарэа Крусам, паведамляе БЕЛТА.

"Нязменным было і застаецца тое, што мы як высокатэхналагічная краіна будзем выбудоўваць нашы адносіны з Лацінскай Амерыкай. І, натуральна, кропкамі апоры заўсёды будуць служыць Куба, Венесуэла, Нікарагуа ў першую чаргу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ваш візіт мы разглядаем менавіта ў гэтай плоскасці. Мы вельмі разлічваем, што значна прыбавім у нашых гандлёва-эканамічных адносінах. Гэта ж не справа, што ў нас гандлёвы абарот ледзь перавальвае за 10 мільёнаў долараў".

Прэзідэнт прапанаваў кубінскаму боку выкарыстоўваць лепшыя кампетэнцыі дзвюх краін, каб паглыбіць гандлёва-эканамічныя адносіны і падняць іх да ўзроўню палітычных і гуманітарных.

У сваю чаргу Мануэль Марарэа Крус падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і цёплы прыём, арганізаваны ў Мінску для кубінскага боку. "І за ўсё тое цяпло, якое мы адчуваем з моманту прыбыцця і што прымушае нас адчуваць сябе як дома", - дадаў ён.

Прэм'ер-міністр таксама перадаў прывітанні на адрас Аляксандра Лукашэнкі ад кіраўніцтва Кубы і асабіста ад Прэзідэнта Мігеля Марыа Дыяс-Канеля Бермудэса, які, па яго словах, вельмі цёпла ўспамінае свой візіт у Мінск у 2019 годзе.

"Я вельмі ўважліва выслухаў вас і цалкам згодны. Вы зрабілі самы дакладны аналіз двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі. Я падзяляю ваша меркаванне, - сказаў Мануэль Марарэа Крус. - Мы таксама нацэлены на тое, каб прапанаваць змяніць гэту сітуацыю".

Па яго словах, прэм'ер-міністрам Беларусі і Кубы неабходна правесці комплексную працу, каб змяніць да лепшага складзеную сітуацыю і напоўніць супрацоўніцтва канкрэтнымі праектамі.

Кіраўнік кубінскага Урада прыляцеў з афіцыйным візітам у Беларусь 9 лістапада. У яго таксама запланаваны перамовы з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, кіраўнікамі абедзвюх палат беларускага парламента і членамі рабочай групы Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з Парламентам Кубы. Знаходзячыся з візітам у Беларусі, Мануэль Марарэа Крус азнаёміцца з яе прамысловым патэнцыялам і магчымасцямі ў перапрацоўцы мясной і малочнай сыравіны.

Сёлета гандаль паміж Беларуссю і Кубай паказвае добрыя вынікі. І хай гэта не рэкордныя лічбы (за студзень-верасень таваразварот дасягнуў $10,5 млн), тэмп росту ў параўнанні з папярэднім перыядам - 307%. Станоўчае сальда для Беларусі павялічылася амаль у 9 разоў і склала $7,9 млн. Прырастае (больш чым на 20%) і экспарт паслуг: паводле даных за студзень-ліпень, ён склаў $155,2 тыс. Калі летась Беларусь аказвала Кубе дзелавыя паслугі, то сёлета ў асноўным аказваліся тэлекамунікацыйныя, камп'ютарныя і інфармацыйныя паслугі.

Цяпер абедзве краіны засяроджаны на тым, каб нарошчваць узаемны таваразварот. У ліпені Кубу з афіцыйным візітам наведала беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам. Тады бакі абмеркавалі ўвесь спектр беларуска-кубінскіх адносін і спосабы іх актывізацыі, у тым ліку праз механізм двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Традыцыйна асаблівая ўвага была нададзена пастаўкам беларускай тэхнікі і запасных частак, запатрабаваных прадуктаў харчавання і іншай беларускай прадукцыі. Асобным элементам сустрэч, што адбыліся, стала абмеркаванне беларуска-кубінскага супрацоўніцтва і перспектыўных сумеснх праектаў у сферы навукі, біятэхналогій і фармакалогіі.

Крыніца: belta.by

Лукашэнка: Беларусь нязменна нацэлена на выбудоўванне адносін з Лацінскай Амерыкай