Лукашэнка аб прапагандзе і агітацыі: у нас ёсць і павінна быць свая ідэалогія
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з моладзевым актывам падкрэсліў важнасць ідэалагічнай работы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адно з пытанняў ад прадстаўнікоў моладзі датычылася СМІ і журналістаў прэзідэнцкага пула. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што назірае работу журналістаў, ацэньвае і часам крытыкуе. "Яны навідавоку. Я іх вельмі паважаю", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што пасля 2020 года з'явіўся нават не прэзідэнцкі, а проста цэлы пул журналістаў, якія зірнулі інакш на падзеі, што адбываюцца вакол.
Кіраўнік дзяржавы адзначае таксама тыя ці іншыя недахопы ў рабоце журналістаў, бо раней на ідэалагічнай рабоце сам прафесійна займаўся прапагандай і контрпрапагандай. "Я сваіх журналістаў пераконваю, каб не адпіхвацца ад гэтага. Так, мы займаемся прапагандай і агітацыяй. Гэта натуральна. Мы прапагандуем сваё лепшае. Мы агітуем людзей на тое, каб гэта лепшае стварыць, вырабіць. У нас ёсць і павінна быць свая ідэалогія. Ідэалагічны напрамак, ідэалагічная работа", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і ў рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта кадры і ідэалогія - гэта два фундаментальныя напрамкі работы.
"І не трэба тут нечага выдумляць. Так, прапаганда і агітацыя. Лепшага не прыдумалі. Нас ад гэтага адварочвалі для таго, каб кашу зладзіць. А ў нас добрая была сістэма", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Адначасова, кажучы аб ідэалогіі, рабоце грамадскіх аб'яднанняў, у прыватнасці БРСМ, Прэзідэнт падкрэсліў недапушчальнасць фармалізму, які часта быў у савецкія часы. Арганізацыя павінна мець рэальны аўтарытэт.
Вяртаючыся да пытання аб журналістах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер, у часы інфармацыйнага процістаяння, менавіта работнікі СМІ апынуліся на пераднім краі. "Без іх цяпер нікуды. І яны вельмі мне дапамагаюць данесці да вас, да тых, хто цікавіцца жыццём, тую палітыку, якую я спрабую праводзіць", - сказаў ён.
Крыніца: belta.by