Самалёты і чыгунка. Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі рэалізацыю двух вялікіх праектаў
Беларусь і Расія абмяркоўваюць перспектывы рэалізацыі двух вялікіх супольных праектаў – па сумеснай вытворчасці і абслугоўванні самалётаў, а таксама па будаўніцтве другой чыгуначнай галінкі на Ленінградскую вобласць. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздоўскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускай дзяржавы распавёў пра тэлефонную размову з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якая адбылася напярэдадні і ў ходзе якой абмяркоўвалася рэалізацыя гэтых двух праектаў.
Як распавёў Прэзідэнт Беларусі, у сярэдзіне кастрычніка намечана іх сустрэча ў Кыргызстане (у Бішкеку пройдзе саміт СНД), дзе яны плануюць больш прадметна абмеркаваць гэтыя праекты.
"Размова ішла пра сумесную вытворчасць самалётаў невялікай умяшчальнасці, якія вельмі запатрабаваныя і патрэбныя ў Расійскай Федэрацыі. Як сказаў Прэзідэнт Расіі: ад буйных аэрапортаў да далёкіх пасёлкаў, рэгіёнаў такія самалёты запатрабаваныя, тым больш яны могуць ажыццяўляць пасадку на грунт", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь валодае адпаведнымі кампетэнцыямі, таму Прэзідэнт Расіі прапанаваў гэты самалёт пабудаваць разам з беларускім бокам, а таксама больш інтэнсіўна асвойваць вытворчасць асобных кампанентаў для ІЛ-96 і абслугоўваць іх у Беларусі.
"Мы гэта можам зрабіць. Гэта вельмі вялікі кавалак працы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін праект, які абмеркавалі лідары дзвюх краін, - гэта будаўніцтва другой чыгуначнай галінкі ад Беларусі на Санкт-Пецярбург і вобласць для таго, каб была магчымасць перавозіць вялікія аб'ёмы грузаў у расійскія парты і адтуль працаваць на ўвесь свет.
"Вы разумееце, што для нас гэта вельмі важна. Мы займаемся портавым будаўніцтвам там, інфраструктурай. Але вузкае месца ў нас - чыгунка", - адзначыў беларускі лідар.
Перспектывы рэалізацыі праектаў, па словах Прэзідэнта, ужо абмяркоўваліся з расійскімі ведамствамі, па іх падрыхтаваны пакет неабходных дакументаў, матэрыялаў, якія будуць перададзены кіраўніку расійскай дзяржавы.
Крыніца: belta.by