Не замінаць працаваць міністру, губернатарам - дзейнічаць. Каму Лукашэнка даў карт-бланш па выніках нарады
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, запатрабаваў скончыць усялякія шараханні і не замінаць працаваць міністру адукацыі, а губернатарам - у большай ступені браць на сябе вырашэнне практычных пытанняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Міністэрстве адукацыі трэба скончыць усялякія там шараханні. Гэта вельмі важна. Ёсць міністр, кіраўніцтва. Мы вызначылі гэту, як я кажу, каляіну. Не замінаеце працаваць міністру і Міністэрству адукацыі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Яны разумныя людзі і ведаюць, як вырашаць тыя ці іншыя пытанні згодна з законам, заканадаўствам і Канстытуцыяй. Няхай працуюць".
Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў работнікаў Мінадукацыі: калі кагосьці не задавольвае міністр ці кіраўніцтва, тады трэба шукаць іншую працу. "Вы разумееце мае намякі і ведаеце, пра што ідзе размова", - сказаў ён.
"Калі мы яму (Андрэю Іванцу, міністру адукацыі. - Заўвага БЕЛТА) не дамо магчымасці працаваць… Любога міністра, каго туды ні прызнач, ён не зможа працаваць, таму што кожны лезе ў Міністэрства адукацыі і спрабуе дапамагчы, падказаць ці па-свойму нешта зрабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння мы скончылі размову па задачах, якія стаяць перад адукацыяй. Рухаемся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта датычыцца найменш міністра адукацыі, больш - губернатараў: пачулі, як трэба дзейнічаць, - дзейнічайце. Без губернатараў ні ў ахове здароўя, ні ў адукацыі мы пытанняў не вырашым".
У сферы адказнасці кіраўнікоў рэгіёнаў павінны быць перш за ўсё пытанні практычнага характару. "Міністр і ўрад павінны бачыць зверху, як яны там (на месцах. - Заўвага БЕЛТА) варушацца, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Канкрэтныя пытанні школы: аўтобусы, харчаванне і іншае - гэта пытанні губернатараў і старшынь райвыканкамаў. Займіцеся гэтым".