Лукашэнка на нарадзе аб стварэнні партовых магутнасцяў: трэба канчаткова вызначыцца
Неабходна канчаткова вызначыцца з тым, што трэба рабіць для стварэння партовых магутнасцей па перавалцы беларускіх грузаў - будаваць тэрмінал, порт ці мадэрнізаваць які-небудзь існуючы, і неадкладна пачаць працу. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб стварэнні партовых магутнасцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў студзені гэтага года ўжо разглядалася пытанне аб партовых магутнасцях для перавалкі беларускіх грузаў. У асноўным размова ішла аб калійных угнаеннях. Сёння гэтая тэма таксама будзе абмяркоўвацца, што цалкам відавочна, улічваючы вялікія аб'ёмы паставак, але дадасца яшчэ і пытанне пастаўкі нафтапрадуктаў. "Напрамкі работы былі вызначаны, неабходныя рашэнні прыняты. Прыйшоў час звярыць гадзіннікі і, калі трэба, скарэктаваць і ўзгадніць нашы далейшыя дзеянні і планы", - сказаў Прэзідэнт.
"Абстаноўка і знешнепалітычная кан'юнктура сёння развіваюцца вельмі дынамічна. Але, трэба аддаць належнае, беларуская эканоміка працягвае працаваць і знаходзіць новыя магчымасці ў гэтых няпростых умовах, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны аператыўна рэагаваць на ўсе выклікі і гарантавана забяспечваць дастаўку экспартных грузаў пакупнікам. Ключавы момант - хуткасць прыняцця рашэнняў".
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг ключавых пытанняў. Адзін з іх - на якой стадыі знаходзіцца стварэнне ўласных магутнасцей для марскіх перавозак? "Зразумела, мы сышлі (не па сваёй волі) з традыцыйных партоў і працуем па перавалцы нашых грузаў, а гэта каля 20 млн т, ва ўсіх партах Расійскай Федэрацыі", - заўважыў Прэзідэнт.
"Ці ёсць канкрэтныя вынікі ў гэтым напрамку? - працягнуў ён. - Якія парты задзейнічаны для перавозкі калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў, якія ёсць праблемы ў сувязі з гэтым? Ці ёсць у нас разуменне, колькі калію мы можам перавальваць праз парты Расійскай Федэрацыі на прымальных умовах?"
Акрамя таго, ёсць альтэрнатыўныя варыянты супрацоўніцтва ў паўночна-заходнім рэгіёне Расіі. "Гэта павінна быць галоўным пытаннем", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер Беларусь мае два магчымыя варыянты, кожны са сваімі перавагамі і недахопамі - Мурманск і Прыморск.
"Неабходна канчаткова вызначыцца, што трэба – будаваць тэрмінал, порт ці мадэрнізаваць які-небудзь існуючы, і неадкладна пачынаць працу, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Наколькі я ведаю, недзе пад Ленінградам мы і будуем, і мадэрнізуем. Пад Мурманскам пакуль тэліпаемся".
На нарадзе таксама ішла размова аб праекце ўказа аб рэалізацыі асобных відаў тавараў на экспарт.
Крыніца: belta.by