Напярэдадні школьных восеньскіх канікул на Беларускай чыгунцы пройдзе акцыя “Дзеці і бяспека”
Правілы бяспекі будуць арганізаваны з 20 па 31 кастрычніка.
На вакзалах, станцыях і ў цягніках у перыяд правядзення акцыі работнікі БЧ сумесна з праваахоўнікамі арганізуюць рэйды, падчас якіх нададуць асаблівую ўвагу дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных аб'ектаў, нагадаюць ім правілы перасячэння чыгуначных шляхоў.
Таксама будуць праведзены сустрэчы ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і прафілактычныя гутаркі ва ўстановах адукацыі, размешчаных у непасрэднай блізкасці ад чыгункі.
Тэма дзіцячага траўматызму застаецца актуальнай. Так, за дзевяць месяцаў бягучага года на аб'ектах чыгуначнага транспарту адбылося восем няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх, пяць з іх – са смяротным зыходам.
Аддзел унутраных спраў Верхнядзвінскага райвыканкама ў чарговы раз заклікае непаўналетніх грамадзян быць уважлівымі, асцярожнымі і адказнымі на аб'ектах чыгуначнага транспарту і няўхільна выконваць правілы паводзін. Перасякаць шляхі неабходна толькі ў прызначаных і абсталяваных для гэтага месцах і толькі на дазволены сігнал святлафора. Пры іх перасячэнні неабходна пераканацца ў адсутнасці набліжэння цягніка, звярнуць увагу на папераджальныя знакі, не адцягвацца на гаджэты, зняць капюшон і навушнікі.