Пажар у Верхнядзвінскім раёне забраў жыцці пенсіянеркі і яе сына. Сёння ў 4:34 верхнядзвінскія ратавальнікі выехалі па паведамленні аб пажары дома ў вёсцы Новы Двор.
На момант прыбыцця работнікаў МНС, гарэла ўнутры цаглянага аднапавярховага дома, агнём была ахоплена і кроўля.
Домаўладанне належала пенсіянерцы 1948 года нараджэння. Яе цела ратавальнікі знайшлі першым. Праз некаторы час, пад пластом абрынутых канструкцый, вышыня якога складала каля метра, знайшлі і цела яе сына 1981 года нараджэння. Агонь знішчыў дах дома, столявае перакрыцце і маёмасць, пашкодзіў сцены. Па папярэдняй версіі, да пажару магло прывесці неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні сынам гаспадыні дома.