Першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Генадзь Сабыніч наведаў Верхнядзвінскі раён з рабочым візітам.
З ходам будаўніцтва жывёлагадоўчых аб'ектаў, якія павінны быць уведзены ў строй у 2024 годзе, яго азнаёмілі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Валькоў і намеснік старшыні па будаўніцтве Дзмітрый Рэўт.
Да канца года ў ААТ «Шайцерава» чакаюць знакавай падзеі – уводу ў эксплуатацыю малочна-таварнага комплексу на 400 галоў. У памяшканні, якія ўзводзяцца з апярэджаннем графіка, пераедзе палова дайнага статка.
Цяпер вядуцца работы па мантажы даільнага абсталявання DeLaval і стварэнні інфраструктуры. Увод сучаснай вытворчасці дазваляе разлічваць на надоі звыш 9 тысяч кілаграмаў ад каровы ў год.
Як адзначыў Генадзь Сабыніч, калектыў на чале з кіраўніком Міхаілам Гумненкавым не наракае на праблемы, а шукае шляхі іх вырашэння і паспяхова ідзе да намечанай мэты. Генадзь Сабыніч праінспектаваў таксама будаўніцтва малочна-таварнага комплексу ў аг. Коханавічы Верхнядзвінскага раёна. Пасля шматгадовай кансервацыі работы тут адноўлены і вядуцца паскоранымі тэмпамі. Аб'ект перададзены на баланс Верхнядзвінскага масласырзавода, які ажыццяўляе будаўніцтва за кошт крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў. На комплексе будзе створаны замкнёны цыкл вытворчасці – ад цяляці да малочнай каровы.
У прасторных светлых памяшканнях плануецца ўтрымліваць звыш 800 галоў дайнага статка і атрымліваць не менш за 19-20 тон малака ў дзень – менавіта такі аб'ём прадукцыі дазволіць масласырзаводу забяспечваць сябе недастатковай мясцовай сыравінай. Будаўніцтва комплексу з прымяненнем сучасных тэхналогій і абсталяваннем ад лепшых вытворцаў, аналагаў якому няма на Віцебшчыне, Генадзь Сабыніч назваў узорам для пераймання не толькі ў рэгіёне, але і ў рэспубліцы.
Па матэрыялах раённай газеты "Дзвінская праўда", фота Ксеніі Тамашэвіч