Жніво-2024 набірае абароты
Нарыхтоўка-2024 набірае абароты. Адначасова ў гаспадарках вядзецца нарыхтоўка кармоў, зусім хутка дадасца пасеў азімага рапсу.
Уборка азімых пшаніцы і рапсу ідзе ў ААТ «Шайцерава» да позняга вечара – трэба сабраць іх на 1280 гектарах. Усяго ж чакаюць хлебаробаў 2300 гектараў збожжавых і зернебабовых, 340 га рапсу і 400 – кукурузы. Літаральна ўчора шайцераўцы завяршылі ўборку азімага ячменю, які займаў 285 гектараў. Нязменна высокі досвед, аўтарытэт і заслугі шайцераўцаў на хлебнай ніве. Тут развіваюць новыя тэхналогіі і атрымліваюць стабільныя вынікі.
– У параўнанні з мінулым годам віды на ўраджай не меншыя. Разлічваем атрымаць намалоты не ніжэйшыя за мінулагоднія, нават з невялікім плюсам – не менш за 10 тысяч тон збожжа, – кажа галоўны аграном Віктар Галавач. – Хоць надвор'е, несумненна, працягвае падкідваць нямала «сюрпрызаў». Засуха змяняецца праліўнымі дажджамі, тэхніка загрузае ў полі
Усяго на палях працуюць 10 камбайнераў і 8 вадзіцеляў, задзейнічаных на адвозцы збожжа. Каб цалкам і без страт прыбраць ураджай, усім давядзецца нямала папрацаваць. Нагрузка на адзін камбайн – больш за 260 гектараў. Але хлебаробы – людзі дасведчаныя і добрасумленныя. Так што з жнівом справяцца.
Адзін з тых, хто пастаянна вядзе жніво – камбайнер Васіль Косаў. Ён кажа, што да напружанага працоўнага графіка ў такі «гарачы» сезон усе ставяцца з разуменнем і адказнасцю.
– Усё гатова ў полі, усё падышло,– кажа Васіль Косаў. – Пакуль ёсць надвор'е, пакуль усё спрыяе жніву, трэба прыбіраць.
Мужчына, дарэчы, не раз быў у лідарах па намалотах збожжа. І зараз наперадзе: на яго рахунку больш за 400 тон азімага ячменю.
Не адстаюць ад перадавіка дасведчаныя і адказныя камбайнеры Дзяніс Ясюкевіч, Сяргей Ліпоўка, Мікалай Кузьмічонак, Уладзімір Кучынскі, Мікалай Родзік, стрыечныя браты Генадзь і Аляксандр Грыгор'евы. Каб павялічыць тэмп уборкі, да іх далучыліся калегі – камбайнеры Аляксей Церахаў і Сяргей Кучынскі.
Стараюцца перавезці ўвесь ураджай да зярнятка вадзіцелі Віктар Шыманскі, Міхаіл Шкіндзер, Міхаіл Пят ухоў, Аляксандр Юхневіч, Марат Шкіндзер, Міхаіл Магер, браты Сцяпан і Канстанцін Людскія.
На збожжавых таках зараз таксама гарачая пара. На элеватары двух збожжасушыльных комплексаў адпраўляюцца збожжа і рапс. Вагавыя толькі і паспяваюць адзначаць рэйсы і тоны. Усе дадзеныя заносяцца ў журнал, бо гэта аплата і механізатараў, і вадзіцеляў.
Работы шмат, але аграрыі ў тэрміны ўкладаюцца. Нягледзячы на тое, што нарыхтоўка кармоў ідзе адначасова з уборкай, а яшчэ і пасяўную трэба паспець правесці, сіл хапае. А значыць, і хлеб будзе.
Крыніца: d-p.by