Вымпелом «За мужество и стойкость в годы Великой Отечественной войны» награжден г.п. Освея

Вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» узнагароджаны г.п. Асвея

Адпаведны ўказ №44 падпісаў 2 лютага кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Сярод узнагароджаных – г.п. Асвея Верхнядзвінскага раёна.

Населеныя пункты, узнагароджаныя вымпелам, з'яўляюцца годным прыкладам баявога і працоўнага подзвігу, усенароднага супраціву, праяўленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны гарады Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея.
Яны ўдастоены ўзнагароды ў сувязі са святкаваннем 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама з мэтай увекавечання подзвігу воінаў Чырвонай Арміі, рабочых, партызан і падпольшчыкаў, здзейсненага імі пры абароне і вызваленні беларускіх гарадоў і іншых населеных пунктаў.
Да гэтага часу ў Беларусі былі ўзнагароджаны вымпеламі «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» 27 населеных пунктаў.
Гэты знак адрознення быў заснаваны 6 кастрычніка 2004 года ўказам Прэзідэнта да 60-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Кожнае з гэтых 27 месцаў стала сапраўднай цытадэллю мужнасці, у якой неверагодную адвагу праявілі не толькі байцы, але і мясцовыя жыхары.
Асвейскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны стаў месцам асаблівай мужнасці і бязмежнага болю – тут у смяротным супрацьстаянні сутыкнуліся абаронцы роднай зямлі і ворагі-захопнікі. На Асвейшчыне з'явіліся адны з першых у Беларусі падполле і партызанскія атрады.
Імкнучыся падавіць народны супраціў, фашысты задумалі ператварыць раён у выпаленую пустыню. У выніку бесчалавечнай карнай экспедыцыі «Зімовае чараўніцтва» ў лютым-сакавіку 1943 года на Асвейшчыне спалена 158 населеных пунктаў, у агні загінула 3639 мірных жыхароў, некалькі тысяч згнана на катаргу і ў лагеры смерці.
Перажыўшы велізарныя страты, Асвея выстаяла, паўстала з попелу і сёння славіцца як адно з найбольш прывабных турыстычных месцаў Беларусі.
Вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» – заслужаная ўзнагарода непакоранага краю.


(на матэрыяле газеты "Дзвінская праўда")

Вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» узнагароджаны г.п. Асвея