У Верхнядзвінскім раёне робяць стаўку на сяўбу азімых
Пасеў азімых збожжавых і зерневых бабовых актыўна вядзецца ва ўсіх гаспадарках раёна. Азімыя культуры значна больш ураджайныя за яравыя, да таго ж, дазваляюць эканоміць час аграрыяў вясной.
Разлічваюць на добрую аддачу поля ў наступным годзе і земляробы ААТ «Белькаўшчына».
Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Іван Лобыр, стаіць задача пасеяць не менш за 1100 гектараў азімых збожжавых і зерневых бабовых. А калі дазволіць надвор'е, плануецца павялічыць плошчу да 1500 га. Традыцыйна гэта будуць азімая пшаніца, трыцікале і ячмень. Таксама пасеяна 237 гектараў азімага рапсу. Сёлета, нягледзячы на засуху, удалося атрымаць ураджайнасць азімых вышэй за сярэднюю па раёне. А вось намалоты яравых практычна ў два разы ніжэйшыя. Таму відавочна: стаўку трэба рабіць на азімыя культуры.
Працоўны дзень у механізатараў пачынаецца а 6-й гадзіне раніцы. У полі яны ўвесь светлавы дзень, з'язджаюць не раней за 20-й гадзіне вечара. Працуюць добрасумленна, можна сказаць, з асаблівым запалам. Бо не дарма кажуць, што восеньскі дзень год корміць.
Па 40 гектараў азімай пшаніцы на дзень на МТЗ-1221 з СЗ-5,4 засявае вопытны механізатар Аляксандр Міснік. Насенне яму падвозіць Сяргей Кішковіч. Сеяльшчык працуе практычна без прыпынкаў, нават на абед і падвячорак, якія прывозяцца прама ў поле, робіць найкарацейшы перапынак.
Першымі ў зямлю кладуцца насенне пшаніцы і ячменю, пазней «закрыюць» план па трыцікале. З дня на дзень падключыцца шыроказахватная сеялка АПП-6: Уладзімір Амельчанка ўшчыльную зоймецца пасевам азімых культур. У гаспадарцы забяспечаны ўласным насеннем. Але таксама плануюць пасеяць і прудзінкаўскую «эліту».
Паралельна пад пасеў рыхтуецца глеба. На ўзворванні працуюць Сяргей Зайцаў і Уладзімір Амельчанка. На апрацоўцы заняты Пётр Беладзед і Ігар Зуеў.
– Хоць і завяршылі ўборку азімага рапсу і збожжавых, клопатаў па-ранейшаму хапае, – кажа Іван Пятровіч. – Пачалі ўборку яравога рапсу, частку якога закладам у кармавы стол – трэба забяспечыць «сытую» зімоўку кароў. Таксама вядзём трэці ўкос траў. Разлічваем «дабраць» неабходныя кармавыя адзінкі і за кошт кукурузы. Скончыўшы пасеў, пачнем работы па ўздыме зяблю. Трэба максімальна выканаць усе палявыя работы, каб сустракаць вясну «ва ўсеагульным узбраенні».
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.
Крыніца: www.d-p.by