Новая мясапрэмня ААТ «Шайцерава» адкрылася ў Віцебску
Новая мясная крама «Шайцераўскі кумпячок» ААТ «Шайцерава» адкрылася ў Віцебску. Гэта 15-ы стацыянарны аб'ект фірменнага гандлю ў вобласці і першы – у г. Віцебску.
Ажыццяўляе прадпрыемства і выязны гандаль у рэгіёнах, якія мяжуюць з Верхнядзвіншчынай.
Новая крама з гандлёвай плошчай 35 квадратных метраў, якасным рамонтам і новым халадзільным абсталяваннем гасцінна расчыніла свае дзверы для жыхароў аднаго з найбуйнейшых жылых раёнаў Віцебска. Для наведвальнікаў арганізавалі дэгустацыю, дзе можна было паспрабаваць мясныя вырабы ад шайцераўцаў, у тым ліку «чорную» каўбасу з самурайскай назвай «Бусідо», у складзе якой утрымліваецца раслінны чорны вугаль. Першаму пакупніку ўрачыста ўручылі адзін з фірменных мясных вырабаў.
– Прадукцыя ААТ «Шайцерава» дзякуючы сваёй якасці вартая брэнда «Фермерскі прадукт», бо тут вырабляюцца экалагічна чыстыя, натуральныя вырабы з уласнай сыравіны – свініны і ялавічыны, прычым па дэмакратычных цэнах, – сказала, адкрываючы аб'ект разам з дырэктарам ААТ «Шайцерава» Міхаілам Гумненковым, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. «Шайцераўскі кумпячок» размешчаны на праспекце Будаўнікоў, 12. Пакуль тут прадстаўлена толькі частка прадукцыі. Пасля вывучэння пакупніцкага попыту яе плануюць завозіць штодня, тым самым гарантуючы свежасць кожнай партыі.
Шайцераўцы вырабляюць больш за 200 найменняў прадукцыі – ад свежага мяса, мясных паўфабрыкатаў і субпрадуктаў – да розных відаў каўбас, сасісак і зельцаў. І асартымент будзе толькі пашырацца! Як і геаграфія аб'ектаў фірменнага гандлю – у бліжэйшы час на карце абласнога цэнтра з'явяцца яшчэ як мінімум два магазіны.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Крыніца: www.d-p.by