Аб удзеле ў міжнародным конкурсе
Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі ААН супраць карупцыі. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый супраць карупцыі» Генеральная пракуратура вызначана органам, які каардынуе яе выкананне.
У адпаведнасці з арт. 13 названай Канвенцыі кожная дзяржава-ўдзельніца прымае належныя меры для садзейнічання актыўнаму ўдзелу асоб і груп па-за межамі публічнага сектара ў папярэджанні карупцыі і барацьбе з ёй, для паглыблення разумення грамадствам факту існавання, прычын і небяспечнага характару карупцыі, а таксама пагроз, якія яна стварае.
У мэтах арганізацыі канструктыўнага міжнароднага супрацоўніцтва, стварэння атмасферы нецярпімасці ў дачыненні да карупцыі і прыняцця сумесных эфектыўных мер па барацьбе з гэтай негатыўнай сацыяльнай з'явай Беларусь разам з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй, Таджыкістанам прымае актыўны ўдзел у дзейнасці Міждзяржаўнага савета па процідзеянні карупцыі - органа галіновага супрацоўніцтва Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Членамі савета прынята рашэнне аб правядзенні Міжнароднага маладзёжнага конкурсу сацыяльнай антыкарупцыйнай рэкламы «Разам супраць карупцыі!», адкрытага для ўдзельнікаў з любых краін.
Арганізатарам міжнароднага конкурсу выступіла Генеральная пракуратура Расійскай Федэрацыі, саарганізатарамі - Генеральныя пракуратуры Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Кыргызскай Рэспублікі, Агенцтва Рэспублікі Казахстан па справах дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі, Агенцтва па дзяржаўным фінансавым кантролі і барацьбе з карупцыяй Рэспублікі Таджыкістан.
Канкурсантам ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў прапануецца падрыхтаваць тэматычную сацыяльную рэкламу ў намінацыях «Лепшы плакат» і «Лепшы відэаролік».
Чакаецца, што ў конкурсных работах знойдуць адлюстраванне сучасныя дзяржаўныя механізмы барацьбы з карупцыяй на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы, а таксама роля і значэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтым напрамку.
Прыём работ арганізаваны на афіцыйным сайце міжнароднага конкурсу www.anticorruption.life да 18:00 гадзін (па маскоўскім часе) 01.10.2023. Там жа размешчаны правілы яго правядзення.
Пасля гэтага да 20.10.2023 Нацыянальная конкурсная камісія Рэспублікі Беларусь вызначыць пераможцаў (I месца) і прызёраў (II і III месцы) у кожнай намінацыі, накіруе іх работы для ўдзелу ў фінале конкурсу. Арганізатарам конкурсу таксама будуць перададзены 10 лепшых плакатаў і 10 лепшых відэаролікаў для размяшчэння на афіцыйным сайце конкурсу і выкарыстання пры падрыхтоўцы розных выстаў (экспазіцый) конкурсных работ.
Фінал конкурсу пройдзе ў кастрычніку - лістападзе 2023 г., падчас якога Міжнароднае журы конкурсу ў кожнай намінацыі вызначыць пераможцаў і прызёраў. Урачыстую цырымонію іх узнагароджання дыпломамі, каштоўнымі падарункамі і памятнымі прызамі плануецца правесці ў горадзе Маскве, прымеркаваўшы гэту падзею да Міжнароднага дня барацьбы з карупцыяй (09.12.2023).