20 мая – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту
Раённая спартландыя «Тата, мама, я – спартыўная сям'я», прысвечаная Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, сабрала самыя актыўныя сем'і з сельсаветаў і г. Верхнядзвінска.
Нагода спрыяла святу, якое прайшло на стадыёне «Юбілейны».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў раённай спартландыі звярнуўся загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Богушэвіч. Ён павіншаваў усіх, хто любіць спорт і працуе ў галіне з прафесійным
святам і пажадаў новых перамог. Вячаслаў Аляксандравіч адзначыў, што вельмі важна, калі бацькі ўласным прыкладам паказваюць дзецям, што такое актыўны і, галоўнае, здаровы лад жыцця.
Спартыўнае свята атрымалася па-сапраўднаму займальным і захапляльным. Усе паказалі дружную працу ў камандзе і добрую фізічную падрыхтоўку. Групы падтрымкі арганізавалі для сваіх удзельнікаў старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, знаёмыя і сябры.
Спаборніцтвы судзіла строгае, але справядлівае журы – дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Анатоль Кісялевіч і намеснікі дырэктара Таццяна Глушневіч і Сяргей Тамашэвіч.
Сярод сем'яў горада Верхнядзвінска пераможцам стала сям'я Лісоўскіх – Аляксандр і Вольга з 12-гадовым сынам Ілём.
Другое месца, як і ў мінулым годзе, дасталася сям'і Філіпенка: тату Віктару, маме Крысціне і 7-гадовай дачцэ Есеніі.
На трэцім месцы апынулася сям'я Новіцкіх – Сяргей і Святлана з 14-гадовым сынам Цімафеем.
Сярод сельскіх удзельнікаў перамогу атрымала сям'я Трыфаненкавых з Белькаўшчынскага сельсавета – тата Аляксандр, мама Святлана і 13-гадовая дачка Вікторыя. Два гады запар яна атрымлівала «бронзу», а ў гэтым змагла заваяваць «золата».
Другое месца ў сям'і Заіка з Боркавіцкага сельсавета – Юрыя, Іны і 12-гадовага сына Уладзіміра. З сабой сям'я прывезла і самага маленькага ўдзельніка – 5-гадовага Назара.
Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі, а ўсе ўдзельнікі атрымалі зарад выдатнага настрою!
Па матэрыялах "Дзвінскай праўды"