На палях раёна набірае тэмп вясенняя сяўба
На палях раёна поўным ходам ідзе вясенняя сяўба. Задача дня – у аптымальныя тэрміны закласці ў глебу насенне ранніх яравых культур.
Дасведчаныя аграрыі ведаюць: кожны дзень прамаруджвання – мінус адзін цэнтнер ураджаю з гектара. Таму ўсе сілы кінуты на выкананне тэхналогій.
Аграрыі працуюць на паскарэнне ва ўсіх гаспадарках без выключэння. У ААТ «Антонава-Агра» хуткі тэмп работ узяты на старце, пры спрыяльным надвор'і пасяўную плануюць скончыць да майскіх святаў. Ад сюрпрызаў прыроды, безумоўна, ніхто не застрахаваны. Але, як бы там ні было, мясцовыя земляробы спадзяюцца на добры ўраджай, памятаючы народную мудрасць: вясновы дзень год корміць.
– План сёлетняй яравой сяўбы збожжавых і зерневых бабовых – 600 гектараў, – расказала галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Таццяна Сабалеўская.
– Плануем таксама пасеяць 300 гектараў кукурузы і 204 га – яравога рапсу, час якога ўжо надыходзіць. Адначасова ў гаспадарцы вядзецца ўвесь комплекс вясновых палявых работ, акрамя воркі – максімальна падрыхтавалі глебу яшчэ восенню.
Ва ўрочышчы «Аэрадром» сеюць ячмень механізатары Віктар Кадушка, Анатоль Клім і Аляксандр Казлоў. Гэта дасведчаныя хлебаробы, на рахунку кожнага з іх не адзін дзясятак гадоў механізатарскага стажу. Яны з асабістага досведу ведаюць, што будучы ўраджай шмат у чым залежыць ад якасці сяўбы. На загрузцы сеялак і падвозцы насення працуе Аляксандр Снопак.
– З дзённымі заданнямі спраўляемся. Стараемся выконваць тэхналагічныя патрабаванні пры выкананні ўсіх работ. Перад пачаткам пасяўной нас азнаёмілі з расцэнкамі, умовамі спаборніцтва. Цяпер задача – пасеяць своечасова і якасна, – кажа Аляксандр Казлоў.
– Праца ў полі арганізавана добра, наладжана і двухразовае харчаванне. Упэўнены, што пасеем у тэрмін.
У гарачыя вясновыя дні на апрацоўцы глебы працуюць Віталь Дадзека, Сяргей і Раман Кандрацёнак. Мінеральныя ўгнаенні ўносіць Віталь Булаўскі. На ўнясенні арганікі задзейнічаны Аляксандр Абуховіч і Іван Кудрэц, на пагрузцы – Сяргей Качаноў.
Азімыя збожжавыя займаюць у гаспадарцы 730 гектараў, рапс – 185 га. Стан пасеваў пасля снежнай і марознай зімы спецыялісты агранамічнай службы ацэньваюць як здавальняючы. Збожжавыя перазімавалі нядрэнна, а вось гібель рапсу склала 52 гектары. За пасевамі вядзецца комплексны догляд. У прыватнасці, тут ужо завяршылі першую падкормку азімых культур і прыступаюць да другой. Наступны этап
– ахоўны – расліны будуць апрацоўваць ад хвароб і шкоднікаў.
Важнае звяно ў ланцужку поспеху – людзі. Працавітыя, адказныя, клапатлівыя пра агульную справу, сапраўдныя прафесіяналы. І такіх тут нямала. Напрыклад, дынастыя Казловых. На Дзвіне «корміць» азімыя культуры Мікалай Козлаў, бацька якога Аляксандр заняты на сяўбе. КАСы яму падвозіць родны дзядзька Уладзімір Козлаў. Задачы ў іх розныя, але мэта адна – справіцца з даведзеным заданнем максімальна хутка і якасна. «Падкормлівае» пашавы Раман Кібальнік, угнаенні яму дастаўляюць Дзяніс Дытко і Мікалай Якаўлеў.
– Сёння ў нас ёсць практычна ўсё для паспяховай працы на палях, – рэзюмуе Таццяна Сабалеўская. – Галоўнае, каб надвор'е і тэхніка не падвялі!