Аб выніковай атэстацыі выпускнікоў
Сёлета стартуе новая мадэль выніковай атэстацыі. Усе выпускнікі 11 класаў будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен па двух прадметах.
Першы – руская або беларуская мова на выбар. Другі прадмет вучні вызначаюць самастойна па тых дысцыплінах, па якіх праводзіцца ЦЭ і якія патрэбны для паступлення. Гэта – матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, Сусветная гісторыя і гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, геаграфія, англійская, французская, нямецкая, іспанская, кітайская мовы. – ЦЭ абавязковы для ўсіх 11-класнікаў, а цэнтралізаванае тэсціраванне праходзяць толькі тыя, хто хоча вучыцца ў ВНУ, – расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Жук. – Выпускнікі нашага раёна ўжо вызначыліся з выбарам прадметаў для здачы ЦЭ. Ва ўстановах адукацыі створаны камісіі для правядзення рэгістрацыі на ЦЭ, якая праходзіць з 1 па 25 красавіка. Пасля рэгістрацыі перадумаць і
выбраць іншы прадмет будзе нельга.
Таксама вызначаны асноўныя тэрміны здачы ЦЭ – 14 мая (мовы) і 21 мая (прадмет па выбары школьніка). Запланавана некалькі рэзервовых дат для тых, хто па ўважлівых прычынах прапусціў ЦЭ: 23 мая і 25 мая, рэзервовыя дні здачы ЦТ – 21 і 23 жніўня.
У Верхнядзвінскім раёне пунктам правядзення цэнтралізаванага экзамену ў асноўныя даты з'яўляецца СШ №2 імя Героя Савецкага Саюза М.В.Траян. Час пачатку цэнтралізаванага экзамену – 11:00, з'явіцца трэба на гадзіну раней. Для здачы ЦЭ ў рэзервовыя дні найбліжэйшым пунктам з'яўляецца ПДУ.
Прайсці ў пункт правядзення ЦЭ можна па пропусках і пашпарце толькі вучням і тым, хто непасрэдна задзейнічаны ў арганізацыі экзамену і кантролі за яго правядзеннем.
Вучні павінны мець гелевую ручку з чорнымі чарніламі, пашпарт і пропуск. Праносіць мабільныя тэлефоны або іншую тэхніку нельга, выключэнне толькі для тых школьнікаў, хто выбраў хімію або фізіку: яны могуць карыстацца калькулятарам, які не з'яўляецца сродкам перадачы і захоўвання інфармацыі.
– 28 студзеня ў раёне, як і ва ўсёй краіне, прайшоў рэпетыцыйны
цэнтралізаваны экзамен для вучняў 11 класа, – адзначыла Таццяна Генадзьеўна. – Зладжана працавалі члены арганізацыйнай камісіі, кіраўніцтва СШ №2, педагогі, якія прымалі ўдзел у правядзенні экзамену.
Цэнтралізаваны экзамен прайшоў арганізавана, без парушэнняў. Хлопцы змаглі праверыць сваю падрыхтоўку, зрабіць высновы, і ў іх ёсць яшчэ час «падцягнуць» веды.