У Наваполацку адбылося адкрыццё мадэрнізаванай галіновай лабараторыі нафтагазаперапрацоўкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта
У Наваполацку адбылося адкрыццё мадэрнізаванай галіновай лабараторыі нафтагазаперапрацоўкі Полацкага дзяржуніверсітэта. У ім узялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Юрый Раманоўскі.
Адкрыццё адбылося 4 красавіка падчас дыялогавай пляцоўкі «Перспектывы інавацыйнага развіцця горада Наваполацка».
Лабараторыя, створаная ў 2018 годзе, прызвана вырашаць задачы развіцця навуковага і кадравага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь у галіне нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі. За два апошнія гады для прадпрыемстваў рэгіёна тут выканана гаспадарчых дагавораў на суму больш за 480 тыс. руб.
У 2022 годзе тут праведзена мадэрнізацыя абсталявання і рамонт спецыялізаваных памяшканняў, за тры гады дадаткова да наяўных набыта новае абсталяванне даследчага класа агульным коштам каля 500 тыс. руб.
Мадэрнізацыя лабараторыі дазволіць пашырыць вобласці яе акрэдытацыі для ажыццяўлення ліцэнзійных відаў дзейнасці ў інтарэсах прадпрыемстваў рэгіёна; ажыццяўляць навукова-даследчыя работы па прыярытэтных напрамках, што апярэджваюць запыты прамысловасці; сканцэнтраваць рэсурсы на абласцях асноўных навукова-інавацыйных кампетэнцый універсітэта з мэтай дасягнення прарыўных вынікаў.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by