«Жанчыны на жніве-2025»: у Верхнядзвінскім раёне ўшанавалі працаўніц вёскі
У Верхнядзвінскім раёне з размахам прайшла рэспубліканская акцыя «Жанчыны на жніве-2025», прысвечаная жанчынам-працаўніцам аграрнага сектара. У цэнтры ўвагі апынуліся кіраўнікі падраздзяленняў, брыгадзіры, аграномы, кухары, улікоўшчыцы і паляводы – тыя, хто сваёй працай забяспечвае надзейны тыл уборачнай кампаніі і харчовую бяспеку краіны.
Урачыстае ўшанаванне лепшых працаўніц адбылося ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Мерапрыемства, ініцыяванае Першым каналам Беларускага радыё пры падтрымцы Мінсельгасхарча, Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, Беларускага саюза жанчын Віцебшчыны і Белтэлерадыёкампаніі, праводзіцца на Верхнядзвіншчыне ўжо дзясяты раз.
Ганаровымі гасцямі свята сталі начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Мікалай Лешык, кансультант упраўлення фінансава-крэдытнай палітыкі Мінсельгасхарча Святлана Яліна, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканова і спецкореспандэнт Беларускага радыё Святлана Башылава.
– Жанчыны – гэта сіла, на якой трымаецца харчовая бяспека Беларусі, – падкрэсліла Таццяна Дзіканова. – Іх праца часта застаецца за кадрам, але менавіта дзякуючы ім жніво праходзіць без збояў, а зямля дае багаты ўраджай. Мы ганарымся гэтымі гераінямі нябачнага фронту і дзякуем кожнай з іх за самаадданасць і майстэрства.
Сёлета дзякуючы стараннай працы жанчын удалося больш чым на 10 тысяч тон перавысіць леташні ўзровень па валавым зборы збожжа ў раёне, а ўраджайнасць павялічылася на сем цэнтнераў. За значны ўклад у хлебны каравай краіны больш за 20 працаўніц атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК і Саюза жанчын. Ад Беларускага радыё гераіні жніва атрымалі шматканальныя радыёпрыёмнікі.