У Віцебску ўшанавалі работнікаў Галоўнага статыстычнага ўпраўлення рэгіёна
Напярэдадні свята – Дня работнікаў дзяржаўнай статыстыкі і 105-годдзя з дня ўтварэння органаў дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь, якое адзначаецца 23 жніўня, у Віцебску ўшанавалі лепшых работнікаў сферы.
У Беларусі статыстыка зарадзілася ў сярэдзіне ХIХ стагоддзя, а першы Віцебскі губернскі статыстычны камітэт быў заснаваны 4 мая 1835 года. Такім чынам, органам дзяржаўнай статыстыкі спаўняецца 105 гадоў, а віцебскай статыстыцы ўжо цэлых 190!
Каб ганаровыя госці і ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства змаглі акунуцца ў гісторыю, у холе ўпраўлення прадставілі тэматычную выставу. Тут можна было даведацца, якой тэхнікай раней карысталіся для збору статыстычных даных, а таксама азнаёміцца з дакументамі, якія адлюстроўваюць мінулае ў лічбах. Некаторыя з іх немагчыма чытаць без слёз. Напрыклад, звесткі аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзе падлічваліся забітыя і памерлыя ад голаду людзі.
– Невыпадкова спачатку былі створаны дзяржаўныя статыстычныя органы, а толькі потым рэальны сектар эканомікі. Бо немагчыма прыняць ніводнае правільнае, усвядомленае, рацыянальнае кіраўніцкае рашэнне без тых вялікіх лічбаў і інфармацыі, якія вы апрацоўваеце, – звярнулася да работнікаў галіны намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. – 99% поспеху працы рэальнага сектара эканомікі залежыць ад тых складаных метадалогій, лічбаў і напрамкаў, якія вы сёння курыруеце. Вы запаўняеце тысячы табліц, апрацоўваеце і правяраеце мільёны даных, каб прадставіць іх для ацэнкі і рэагавання на тыя ці іншыя моманты ў развіцці эканомікі рэгіёна, напаўняльнасці бюджэту і паляпшэння якасці жыцця нашага насельніцтва.
Як адзначыў начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці Юрый Маскалёў, за дакладнымі данымі афіцыйнай статыстыкі стаяць высокакваліфікаваныя кадры, дружная згуртаваная каманда статыстыкаў-прафесіяналаў, асноўная мэта якіх – з мінімальнымі затратамі дамагчыся максімальнага поспеху ў эфектыўным выкананні пастаўленых задач.
– За сваю 105-гадовую гісторыю беларуская статыстыка даказала запатрабаванасць у шырокага кола карыстальнікаў, а таксама заваявала высокі ўзровень даверу да афіцыйнай статыстычнай інфармацыі. Заслужаная і плённая добрасумленная праца работнікаў Галоўнага ўпраўлення заўсёды высока ацэньвалася на ўсіх узроўнях, – сказаў Юрый Маскалёў. – У нашай скарбонцы ёсць мноства ганаровых дзяржаўных узнагарод: ордэны гонару і медалі за працу
ыя заслугі. Нашы супрацоўнікі былі адзначаны падзякамі Прэзідэнта, ганаровымі граматамі і падзякамі Саўміна, Адміністрацыі Прэзідэнта, Белстата і іншымі значнымі ўзнагародамі. Упэўнены, што гэтая калекцыя яшчэ папоўніцца.
Юрый Маскалёў не памыліўся, у рамках святочнага мерапрыемства работнікам статыстычнага ўпраўлення ўручылі Ганаровыя граматы і падзякі ад аблвыканкама, гарвыканкама, адміністрацый раёнаў Віцебска і прафсаюзаў. Некалькі чалавек былі адзначаны ведамаснымі ўзнагародамі: нагрудным знакам адрознівання «Ганаровы работнік дзяржаўнай статыстыкі», Ганаровай граматай Нацыянальнага статыстычнага камітэта, а таксама абласнога ўпраўлення.
vitebsk-region.gov.by