Гарадоцкі раён атрымаў два новыя мікрааўтобусы МАЗ для перавозкі школьнікаў
Два новыя мікрааўтобусы МАЗ папоўнілі аўтапарк устаноў адукацыі раёна.
Камфортныя і эканамічныя транспартныя сродкі айчыннай вытворчасці будуць дастаўляць дзяцей з сельскай мясцовасці да месца вучобы і назад.
– У апошнія гады дзякуючы падтрымцы дзяржавы рэгулярна абнаўляем аўтапарк аддзела па адукацыі райвыканкама – з'яўляецца мінімум адзін новы аўтобус у год. Гэта дазваляе своечасова мяняць тэхніку, якая адслужыла свой тэрмін, аптымізаваць выдаткі на паліва і куплю запчастак, – падкрэсліла дырэктар цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна Ірына Казакова. – Новыя машыны прызначаны для дзяцей з СШ № 2 Гарадка ім. А. Сабалеўскага і Вышэдскай СШ ім. М. Гапеёнка.
Сёння сельскіх школьнікаў Гарадоччыны абслугоўваюць дзесяць аўтобусаў рознай умяшчальнасці. Таксама маецца рэзерв на выпадак паломкі. У асноўным транспарт эксплуатуецца менш за сем гадоў.