Як віцебскія праваахоўнікі будуць забяспечваць бяспеку на «Славянскім базары»?
Сілы і сродкі для аховы грамадскага парадку дастатковыя. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік УУС аблвыканкама Максім Субота на праведзеным у Летнім амфітэатры аглядзе гатоўнасці органаў унутраных спраў да правядзення XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Кіраўнік міліцыі вобласці адзначыў, што на перыяд правядзення «Славянкі» Віцебскі гарнізон пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Традыцыйна дапамагаць калегам у ахове правапарадку будуць супрацоўнікі МУС з усіх рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку атрады міліцыі асаблівага прызначэння і падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі. У найбольш значных месцах правядзення фестывалю – Летнім амфітэатры, КЗ «Віцебск», Віцебскім цэнтральным спартыўным комплексе – арганізуюць рэжымна-кантрольныя і даглядныя мерапрыемствы.
– У межах падрыхтоўкі мерапрыемстваў па забеспячэнні аховы грамадскага парадку і грамадскай бяспекі супрацоўнікі органаў унутраных спраў Віцебскага рэгіёну зрабілі велізарную працу. Праведзены рэкансгнасцыровачнае абследаванне фестывальных аб'ектаў, разлікі сіл і сродкаў, агляд асабовага складу і тэхнікі. Праваахоўнікі цалкам гатовыя да забеспячэння аховы грамадскага парадку і бяспекі ў межах правядзення фестывалю, – падкрэсліў Максім Субота.
Даведка. «Славянскі базар у Віцебску»-2025 пройдзе з 10 па 13 ліпеня, асобныя мерапрыемствы адбудуцца 8, 9 і 14 ліпеня. Чакаецца, што ўдзел у форуме возьмуць прадстаўнікі больш чым 40 краін. Па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі, для гасцей фестывалю з 71 краіны будзе ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду.