Ваеннаслужачыя воінскай часці 5524 унутраных войскаў МУС прынялі прысягу
«Урачыста клянуся!» – з гэтымі словамі ў Віцебску на плошчы Герба і Сцяга новае папаўненне воінскай часці 5524 прысягнула на вернасць Радзіме і беларускаму народу.
Сваю клятву прынеслі і навучэнцы ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь».
– Прысяга – гэта важная састаўная частка ў выхаванні падрастаючага пакалення. Дзякуючы гэтаму абраду прызыўнік становіцца сапраўдным мужчынам, абаронцам сваёй зямлі, Айчыны. Радуе адзначыць, што прысяга ваеннаслужачых і выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба адбылася на новай лакацыі Віцебска – плошчы Сцяга і Герба. Гэты ўрачысты момант запомніцца хлопцам надоўга, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Камандзір в/ч 5524 палкоўнік Аляксандр Усманаў распавёў, што на вернасць Радзіме прысягнулі 55 ваеннаслужачых тэрміновай службы і 32 ваеннаслужачыя, прызваныя для праходжання службы па кантракце.
– Хлопцы ўжо прайшлі агульнавайсковую і пачатковую ваенную падрыхтоўку. У далейшым пасля завяршэння вучэбнага збору іх чакае расфармаванне па падраздзяленнях. Ваеннаслужачыя тэрміновай службы будуць размеркаваны ў Віцебск і Полацк. Тыя, хто прызваны для праходжання службы па кантракце – у Оршу, Глыбокае, Наваполацк, частка застанецца ў Віцебску для выканання службова-баявых задач, якія выконваюць унутраныя войскі згодна з законам, – адзначыў Аляксандр Усманаў.
Навабранцы ўрачыста пакляліся быць адданымі беларускаму народу, свята выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаванні воінскіх статутаў, загады камандзіраў і начальнікаў, мужна і самааддана абараняць незалежнасць сваёй краіны.
Сярод іх – Фарыд Новікаў, для якога абарона Айчыны – святы абавязак.
– Служба ў арміі выхоўвае сапраўдных мужчын, дысцыплінуе, удасканальвае фізічную падрыхтоўку. Сёння вельмі хвалюючы і ўрачысты момант для мяне і маіх саслужыўцаў. Кожны мужчына павінен прайсці гэту школу, – падзяліўся навабранец.