Аляксандр Субоцін і Дзмітрый Дзямідаў узялі ўдзел у пасадцы дрэў у Віцебскім раёне
Аб'ектам азелянення стала тэрыторыя каля 70-га кіламетра аўтамабільнай дарогі М-8/Е95 мяжа Расійскай Федэрацыі – Віцебск – Гомель – мяжа Украіны, так званая Тарасенкаўская развязка. Працоўны дэсант, у якім удзельнічалі член Савета Рэспублікі Глеб Лапіцкі, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райвыканкама, філіяла «ДЭУ № 31» РУП «Віцебскаўтадар», грамадскіх арганізацый, высадзілі каля 300 клёнаў.
Згодна з абласным планам мерапрыемстваў па правядзенні Года добраўпарадкавання, кожнаму раёну сярод іншых даведзена заданне па азеляненні тэрыторый, пасадцы дрэў і кустоў уздоўж аўтадарог рэспубліканскага значэння. Выкананне планаў пасадак на вясну завяршаецца ў апошнія дні красавіка, восенню работы працягнуць.
– Дабраўпарадкаванне – гэта не толькі пасадка дрэў, азеляненне. Проста цяпер самы час для правядзення менавіта гэтых работ, час своеасаблівай «вясновай пасяўной», – адзначыў Аляксандр Субоцін. – Комплекс запланаваных работ уключае рамонт аўтадарог (будзе адрамантавана каля 1,3 млн квадратных метраў дарожнага палатна), добраўпарадкаванне двароў, будаўніцтва станцый ачысткі вады ад жалеза, рэканструкцыю вулічнага асвятлення. У прыватнасці, на святлодыёдныя свяцільні заменяць парадку 13,7 тыс. звычайных лямпаў. Сёлета кожны куток нашай зямлі павінен стаць прыгажэйшым.