Навучэнцы Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа падчас канікул працуюць у сельгаспрадпрыемствах раёна
Падчас канікул навучэнцы Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа працуюць на сельгаспрадпрыемстве «Чараішчына». У складзе студэнцкага атрада «Модуль» імя Героя Савецкага Саюза І. Туфтава сем чалавек, якія вучацца на будаўнікоў і механікаў.
Хлопцы дапамагалі ў абнаўленні некалькіх перасоўных даільных установак, а Дзяніс Міснік і Яраслаў Дзям'янко выказалі жаданне ўдзельнічаць у разборцы старога спісанага камбайна. Пад кіраўніцтвам загадчыка майстэрнямі Сяргея Шунто яны здымаюць вузлы і агрэгаты, прыдатныя да далейшага выкарыстання, інвентарызуюць і адпраўляюць на склад.
А атрад з навучэнцаў каледжа «Комета» імя Героя Савецкага Саюза А. Марунько нядаўна працаваў на УП «Пражэктар-Агра». Па словах першага сакратара Лепельскага райкама БРСМ Кацярыны Бараноўскай, праца ў будатрадах дае магчымасць не толькі зарабіць і атрымаць практычны вопыт, але і навучыцца дзейнічаць у камандзе.