Дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў зацвердзілі інвестыцыйную праграму Віцебскай вобласці на 2025 год
У рамках праграмы на 2025 год галоўная ўвага нададзена далейшаму нарошчванню аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва, забеспячэнню жылых раёнаў сацыяльна значнымі аб'ектамі. На будаўніцтва 173 аб'ектаў інвестыцыйнай праграмай Віцебскай вобласці прадугледжана накіраваць 257,7 млн рублёў. З дакладам па гэтым пытанні выступіў на сесіі старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Юрый Выжыкоўскі.
– Інвестыцыйная праграма вельмі абшырная. Значныя сродкі накіроўваюцца як на развіццё рэальнага сектара эканомікі, так і на сацыяльную інфраструктуру, жыллёвае будаўніцтва. Задача – мабілізаваць усе будаўнічыя арганізацыі, каб былі своечасова праведзены ўсе неабходныя працэдуры, не губляючы ні дня, усе актыўна працавалі, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў падчас правядзення 12-й пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання, якая праводзілася ў рэжыме відэаканферэнцсувязі з усімі рэгіёнамі Віцебшчыны.